Былы галоўрэд шклоўскай раённай газеты ўзначаліў  выданне, якое падпарадкоўваецца гарвыканкаму.

13 чэрвеня. Магілёў. Ігар Лазоўскі. На фота – Павел Савельеў, vk.com/pavelone


Пра прызначэнні на дзяржпасаду у Беларусі прынята казаць гучна, асабліва, калі справа тычыцца СМІ. Але гэта не пра «Веснік Магілёва». У газеце ўжо шэсць дзён усім запраўляе малады Павел Савельеў замест Васіля Навічонка, што кіраваў СМІ каля 15 год.

Пра гэта чытачы змаглі даведацца ў новым нумары выдання, якое выйшла 13 чэрвеня. У сваёй калонцы Савельеў паведаміў, што ўсе лепшыя традыцыі, якія былі закладзены калектывам, застануцца”.

З новенькага галоўрэд паабяцаў фотарэпартажы з цэхаў заводаў, а таксама тэматычныя старонкі «арганізацый, фірмаў, кампаній, работнікі якіх раскажуць пра свае працоўных буднях і святах».

Варта сказаць, што ў першым друкаваным выступе Савельева няма ні слова пра папярэдняга рэдактара Васіля Навічонка, які аддаў выданню значную частку жыцця.

Таксама няма ніякай інфармацыі аб змене рэдактара ні на сайце газеты, ні ў іншых адкрытых крыніцах.

Пры гэтым у траўні гэтага года «Веснік» апублікаваў інтэрв’ю з Навічонкам з кнігі “Прафесія журналіст”. У ім былы галоўны рэдактар заявіў, што Веснік Магілёва» на цэлых 15 гадоў стаў маім творчым домам, і я ўдзячны калегам за плённую сумесную працу, за якую ні ім, ні мне не сорамна. Жыццё і час ставяць перад прэсай новыя задачы, але іх прыйдзецца ўжо вырашаць маладым.

Новы галоўны рэдактар «Весніка» Павел Савельеў каля пяці гадоў кіраваў шклоўскай газетай «Ударны фронт». За гэты час газета значна развіла сваю прысутнасць у сетцы, атрымала новы сайт, а таксама якасную, у параўнанні з іншымі “раёнкамі”, вёрстку.

Акрамя таго, Савельеў з’яўляецца дэпутатам абласнога Савета дэпутатаў, а таксама уладальнікам звання “Чалавек года” Магілёўскага аблвыканкама.