Беларускія хрысціянскія дэмакраты хочуць знізіць плату за карыстанне інтэрнатамі з дапамогай урада і парламента.

13 лістапада. Магілёў. Алесь Святліцкі


Актывісты аргкамітэта па стварэнню партыі БХД з Магілёва пачалі збор подпісаў за зніжэнне кошта пражывання ў інтэрнатах.

Як гаворыцца ў сумесным звароце актывістаў, з вясны 2018 года плата вырасла ад 24 да 96%.

– Гэта няправільна, бо заробак большасці тых, хто жыве ў інтэрнаце – маладых спецыялістаў, сем’яў з дзецьмі, застаецца практычна на адным узроўні, – гаворыцца ў заяве.

У якасці прыкладу актывісты прыводзяць рашэнне Брэсцкага аблвыканкама, які ўнёс змены ў «Інструкцыю аб парадку вызначэння платы за карыстанне жылымі памяшканнямі дзяржаўнага жыллёвага фонду ў інтэрнатах».

Аплата за карыстанне жылымі памяшканнямі ў інтэрнаце ў Брэсцкай вобласці, разлічаная па ранейшай формуле, будзе множыцца на паніжальны каэфіцыент, роўны 0,2. Гэта значыць, што ў параўнанні з цяперашняй, аплата за карыстанне «квадратамі» паменшыцца прыкладна ў 5 разоў, – упэўненыя актывісты.

БХД прапануе перадаць паўнамоцтвы па ўрэгуляванні платы за інтэрнаты ад аблвыканкамаў наўпрост Міністэрству антыманапольнага рэгулявання і гандлю і зрабіць плату адзінай па краіне.

Подпісы будуць накіраваныя ў Палату прадстаўнікоў, Савет міністраў, а таксама асобна ў Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю.

Нагадаем, што вясной гэтага года магілёўцы, якія пражываюць у інтэрнатах, сталі атрымліваць квітанцыі з вялікімі сумамі. У сярэднім «чэк» за жыццё ў інтэрнаце павялічыўся на 70 рублёў. Улады патлумачылі гэта «адсутнасцю грошай у бюджэце».