У бабруйскай папраўчай калоніі №2 перасталі браць медыцынскія перадачы. Частка асуджаных хвалюецца.

З 10 жніўня медыцынскія бандэролі больш не даходзяць асуджаным ПК-2. Перад тым іх папярэдзілі, што зараз медпрэпараты будуць падпісвацца толькі пры наяўнасці хранічных захворванняў, для чаго неабходна прадаставіць выпіскі з амбулаторных картак. На падставе такіх дакументаў начмедчасткі будзе вырашаць, якія лекі дазволіць тым, хто адбывае пакаранне.

Лекі і вітаміны ў калонію можна даслаць толькі па пошце бандэроллю і толькі пасля ўхвалення начмедам папраўчай установы, якая падпісвае адпаведную заяву ад асуджанага. Менавіта такія заявы начмед і перастала падпісваць, а потым пайшла ў водпуск. На час водпуску замяніць яе няма каму, таму нават ужо дазволеныя медбандэролі «падвісаюць» у адміністрацыі. Лекі і вітаміны проста не аддаюць адрасатам.

Асуджаныя папярэджаны, што значная частка раней дазволеных прэпаратаў рыхтуецца да забароны. Як мяркуецца, у пачатку верасня будзе апублікаваны новы спіс вітамінаў і лекаў. Вязні, змушаныя ўвесь час прымаць прэпараты, знаходзяцца ў здзіўленні, якім чынам будзе далей праходзіць іх лячэнне ва ўмовах папраўчай установы. Ніякага зразумелага адказу адміністрацыя калоніі пакуль не дае.