Назіральнік на парламенцкіх выбарах 2019 году Алесь Сабалеўскі паскардзіўся на фальсіфікацыю выбараў, але атрымаў цынічны адказ.

14 студзеня. Магілёў. Ігар Лазоўскі


Магілёўскі актывіст і блогер Алесь Сабалеўскі прайшоў электаральную кампанію 2019 года ў якасці назіральніка ад кампаніі «Правы выбару». Ён зафіксаваў на ўласным участку прыпіскі да колькасці грамадзян, якія галасавалі.

Як ён распавёў, падчас датэрміновага і асноўнага галасавання ён разам з калегамі налічыў каля пяцісот выбаршчыкаў, якія вырашылі аддаць голас за аднаго з кандыдатаў. У гэты ж час участковая выбарчая камісія №45, якая размяшчалася ў СШ №9, пазначыла ў пратаколе больш за 1,7 тысяч тых, хто прагаласаваў.

Сабалеўскі звярнуўся ў міліцыю са скаргай на парушэнні выбарчага заканадаўства, аднак Ленінскі РАУС Магілёва адмовіўся пачынаць крымінальную справу па яго звароту. Сітуацыя змянілася пасля ўмяшальніцтва гарадской пракуратуры, якая зафіксавала недахопы пры правядзенні праверкі.

Ленінскі РАУС зноўку пачаў правяраць дадзеныя, якія падаў Сабалеўскі. У прыватнасці, супрацоўнікі міліцыі апыталі іншых назіральнікаў ад праўладных грамадскіх аб’яднанняў.

Пяцёра чалавек – назіральнікі ад БРСМ, «Белай Русі», Чырвонага крыжа, Беларускага саюза жанчын і працоўнага калектыву СШ №9, – абверглі словы Сабалеўскага аб прыпісках на ўчастку.

Паказанні самога Сабалеўскага міліцыя адмовілася прымаць, спаслаўшыся на тое, што яго візуальны падлік, падчас якога былі зафіксаваныя трохразовыя прыпіскі з боку выбарчай камісіі, не мае прававой значнасці.

Апошняе, на што спадзяваўся Алесь Сабалеўскі – запісы з відэакамер школы, якія б пацвердзілі яго словы пра тое, што ў школу проста не ўваходзіла столькі чалавек, колькі пазначылі ў пратаколе для галасавання.

Як аказалася, камеры відэаназірання ў школах бессэнсоўныя.

«Тэрмін захоўвання інфармацыі мінуў. [Відэазапісы з камер відэаназірання] захоўваюцца 30 сутак», – пазначана ў пастанове Ленінскага РАУС.

– Ёсць такія грыбы ў лесе – валуі, звонку прыгожыя, нават здалёку можна за баравік прыняць, але неядомыя, і надзвычай слізкія, нават брыдка ў рукі браць. У народзе гэтыя грыбы называюць халуямі.

Напэўна, на чарговым адказе з Ленінскага РАУС я ўсё ж скончу свой выбарчы серыял, бо гэта прыкладна тое, як і збіраць у лесе тыя халуі – і агідна, і бессэнсоўна. Крыўдна толькі тое, што яны самі не разумеюць сваю атрутна-разбуральную ролю ў будаўніцтве дзяржавы і грамадства, бо калі ўлада складаецца з адных халуёў, то ў краіне паступова ўсе ператвараюцца ў паганкі, а сама краіна ў гнілое балота, – пракаментаваў вынік праверкі Алесь Сабалеўскі .

Паводле афіцыйных звестак Цэнтрвыбаркама, на акрузе Сабалеўскага (Магілёўская-Цэнтральная №85) дэпутатам парламента стала Людміла Здорыкава. На той момант яна з’яўлялася дэпутатам Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў і дырэктарам СШ №27.