Хто і якое пакаранне панёс за тое, што 12-гадовы Мікалай Лукашэнка кіраваў камбайнам, так і засталося невядомым.
9 лістапада. Магілёў. Ігар Лазоўскі
20 жніўня Аляксандр Хамратаў звярнуўся у МУС з просьбай устанавіць асобу, якая перадала кіраванне збожжаўборачным камбайнам 12-гадоваму хлопчыку, а таксама правесці праверку па факце адсутнасці ў Мікалая Лукашэнкі правоў на кіраванне транспартным сродкам.
Начальнік ДАІ МУС Дзмітрый Казюк у адказ на гэта паведаміў, што «звароты атрыманы і па іх прынятыя рашэнні ў парадку Працэсуальна-выканаўчага кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях». Што гэта за рашэнні і кім яны былі прынятыя, кіраўнік дзяржаўтаінспекцыі не пазначыў.
Хамратаў вырашыў высветліць гэтае пытанне і адправіў яшчэ адзін зварот у Міністэрства ўнутраных спраў. У паўторным адказе Дзмітрый Казюк паведаміў, што распавядаць пра рашэнне ў дачыненні да Мікалая Лукашэнкі і яго бацькоў няма ніякіх падставаў:
«У адпаведнасці з нормамі Працэсуальна-выканаўчага кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях орган, які вядзе адміністрацыйны працэс, не мае прававых падстаў паведамляць заяўніку інфармацыю аб прынятым па справе рашэнні, бо вы не з’яўляецеся удзельнікам адміністрацыйнага працэсу», – заявіў Казюк.
Аляксандр Хамратаў такі адказ лічыць доказам асаблівага стаўлення сілавікоў да вышэйшай дзяржаўнай улады:
– На жаль, там, дзе «сямейства», закон не працуе, – пракаментаваў адказ МУС праваабаронца.