Магілёўскі журналіст запатрабаваў завесці крымінальную справу з-за правакацыі міліцыі супраць яго

Журналіст і праваабаронца Аляксандр Буракоў падаў скаргу на дзеянні супрацоўнікаў Ленінскага РАУС ў Следчы камітэт.

24 жніўня. Магілёў. Саша Мінько


Перад гэтым журналіст, які супрацоўнічае з нямецкай медыякампаніяй Deutsche Welle, азнаёміўся з матэрыяламі справы.

Нагадаем, вечарам 5 жніўня, напярэдадні свайго дня нараджэння, Аляксандр Буракоў быў спынены супрацоўнікамі ДАІ, якія спачатку не змаглі патлумачыць мэты затрымання – пасля праверкі дакументаў, якія былі ў парадку, журналіста западозрылі ў перавозцы кантрафактнага алкаголю, а калі і багажнік апынуўся пусты, то ДАІшнікі запатрабавалі адкрыць капот, дзе нібыта не змаглі прачытаць VIN-код.

Па відавочна надуманай прычыне супрацоўнікі ДАІ даставілі Буракова ў будынак Ленінскага РАУС, дзе затрыманага ўжо чакаў маёр Павел Башарымаў, які спецыялізуецца на пераследзе журналістаў і палітычных актывістаў. Пад яго наглядам супрацоўнік крымінальнага вышуку Цеплякоў на тэрыторыі гаражоў РАУС на працягу пяці гадзін афармляў канфіскацыю машыны Буракова на праверку.

Калі апячатванне аўтамабіля было скончана Павел Башарымаў павёў Буракова ў дзяжурную частку, каб журналіст забраў свае асабістыя рэчы і тэлефон, пакінутыя ў вочку №6. Прайсці трэба было літаральна дваццаць метраў.

Калі Аляксандр Буракоў выходзіў з брамкі гаражоў ў асяроддзі чатырох міліцыянтаў (двое былі ў цывільным адзенні), невядомая жанчына, параўняўшыся з ім, раптам стала асядаць на зямлю і локцем кранула журналіста. Супрацоўнікі міліцыі заявілі, што журналіст на яе напаў.

Рэакцыя на відавочную правакацыю ў дачыненні да журналіста была імгненнай. Генеральны дырэктар медыякампаніі Deutsche Welle Петэр Лімбург 7 жніўня накіраваў жорсткі ліст на адрас амбасадара Беларусі ў Нямеччыне Дзяніса Сідарэнкі https://p.dw.com/p/3gcvb

Праз гадзіну пасля інцыдэнту, верагодна пад дыктоўку невядомых міліцыянтаў, жанчына напісала дзіўную заяву на Аляксандра Буракова.

Аказалася, што клічуць яе Васількова Вікторыя Андрэеўна, 1991 года нараджэння. Пратакол яе апытання быў складзены з грубымі парушэннямі. У графе “Адрас” яна назвала месцам жыхарства праспект Міру д.6, кв.518 – па гэтым адрасе размяшчаецца гасцініца “Магілёў”. Гэта значыць, маёр міліцыі Дзмітрый Гоманаў, які складаў пратакол, упісаў не пашпартныя дадзеныя грамадзянкі, а, верагодна, выдуманыя з галавы. Прапісацца ў гасцініцы проста немагчыма.

Пры гэтым Васількова заявіла, што з’яўляецца грамадзянкай РФ (ураджэнка Краснадара), то бок, як замежны грамадзянін, яна павінна хадзіць з пашпартам. Яшчэ адзін момант, які зацікавіў супрацоўнікаў Следчага камітэта, тычыцца дат. Вікторыя Васількова адразу ж напісала ў адрас суда Ленінскага раёна Магілёва заяву, каб разгляд справы ў дачыненні да Буракова прайшоў без яе прысутнасці, бо яна з’язджае ў Расію.

Аднак на момант напісання гэтай заявы (5 жніўня прыкладна ў 23 гадзіны 30 хвілін, калі суды ўжо не працавалі) на Буракова не было яшчэ складзена ніякага пратаколу. Гэта значыць, ні пра які суд не магло быць гаворкі. Пратакол аб адміністратыўным затрыманні быў складзены на журналіста толькі 6 жніўня.

Месцам працы грамадзянка Васількова пазначыла ТАА “Армтэк”, мэнэджар. Праваабаронцы “Магілёўскай Вясны”, з якой Аляксандр Буракоў таксама супрацоўнічае, вырашылі высветліць, ці ёсць у фірме такі працаўнік. Высветлілася, што “Армтэк” – гэта гандлёвая марка групы кампаній. На самай справе такога ТАА (Таварыства з абмежаванай адказнасцю) няма. Гэтая гандлёвая марка належыць ТАА “Еўразапчасткі”, а кіруючай кампаніяй з’яўляецца ТАА “Альфа Мотарс”.

24 жніўня ў цэнтральным мінскім колл-цэнтры “Армтэк”, пасля праверкі па базе супрацоўнікаў нам паведамілі, што такога працаўніка, як Вікторыя Васількова, у іх няма.

Мы абтэлефанавалі ўсе шэсць магілёўскіх крам гэтай сеткі, і нідзе чалавек з такім імем і прозвішчам не працуе. Пры гэтым ёсць інфармацыя, што на самой справе Вікторыя Васількова існуе і жыве ў Магілёве.

Пакуль Аляксандр Буракоў чакае рэакцыі Следчага камітэта. Заява прынята, значыць павінен быць прызначаны следчы. Датычна сітуацыі 5 жніўня, як патлумачыў ён для mspring.online, на яго думку, спецыяльнай аперацыяй кіраваў маёр Павел Башарымаў: “Ужо калі мы стаялі перад брамкай, Башарымаў гаварыў з кімсьці па тэлефоне, раптам ён спыніўся і сказаў, што трэба пачакаць, і толькі недзе праз хвіліну адкрыў брамку і практычна імгненна адбыўся інцыдэнт“.

На шчасце, ёсць сведкі гэтай правакацыі. Акрамя Барыса Бухеля і хлопца-веласіпедыста, якія ўжо выступалі ў судзе, знайшліся яшчэ людзі, якія бачылі як адбываліся падзеі.