Барыс Бухель, Аляксей Колчын і Аляксандр Буракоў накіравалі адпаведную заяву ў гарвыканкам.

28 лютага. Магілёў. Алесь Святліцкі. Фота – Эха Масквы


Праваабаронцы «Магілёўскай вясны» звярнулі ўвагу ўлад на тое, што з усіх абласных цэнтраў толькі ў Магілёве ўсталявана адзінае месца для правядзення масавых мерапрыемстваў.

– Існуючае рашэнне Магілёўскага гарвыканкама ад 19 снежня 2007 г. вызначыла, што ў горадзе ёсць толькі адно месца для пікетаў, мітынгаў і сходаў – стадыён па вуліцы Чалюскінцаў №64у. Мы лічым, што наяўнасць у горадзе адзінага месца правядзення масавых мерапрыемстваў неабгрунтавана абмяжоўвае права жыхароў Магілёва на свабоду сходаў, – распавёў Барыс Бухель.

Праваабаронца Аляксей Колчын адзначыў, што ва ўсіх астатніх абласных цэнтрах усталявана па два і нават тры месцы правядзення масавых мерапрыемстваў, арганізатарамі якіх выступаюць палітычныя партыі, грамадскія аб’яднанні, прафсаюзныя арганізацыі і грамадзяне.

– Нават у некаторых буйных райцэнтрах Беларусі пазначана па два і больш такіх месцаў. А ў Пінску ўвогуле пяць месцаў для масавых мерапрыемстваў, – выказаўся Колчын.

Да сваёй заявы праваабаронцы “Вясны” прыклалі копіі рашэнняў аб масавых мерапрыемствах з выканкамаў іншых гарадоў, каб у магілёўскіх уладаў быў перад вачамі прыклад таго, як можна зрабіць.

Колчын, Бухель і Буракоў папрасілі змяніць рашэнне Магілёўскага гарвыканкама аб масавых мерапрыемствах з улікам іх прапаноў, а таксама змясціць яго ў апошняй рэдакцыі ў адкрытым доступе на сайце выканаўчага камітэта.