Як у кіно: сілавікі вырвалі магілёўскага актывіста з таксі, папярэдне заблакаваўшы дарогу

Андрэй Бодзілеў знаходзіцца ў статусе сведкі па справе аб вывешванні дроту на чыгуначных рэйках.

Праваабаронцы «Магілёўскай вясны» паведамілі, што ім стала вядома аб затрыманні мясцовага актывіста Андрэя Бодзілева.

Раніцай 16 снежня ён ехаў на таксі на сваю працу. Нечакана яго аўтамабіль падрэзаў чорны мікрааўтобус. Па словах Бодзілева, усё было хутка – з буса выскачылі некалькі чалавек у чорнай форме і ў балаклавах, пасля чаго яго літаральна вырвалі з салона аўто.

У кватэры актывіста правялі ператрус – у першую чаргу, супрацоўнікаў цікавіла тэхніка. Таксама іх цікавіў магілёўскі чат у Тэлеграм, у якім Бодилев з’яўляўся адмінам. Справай, як ён паведаміў праваабаронцам «Магілёўскай вясны», займаецца мясцовае ўпраўленне ГУБАЗіК МУС РБ. Паводле яго слоў, падставай для затрымання стала крымінальная справа, распачатая па факце замацавання дроту на чыгуначных рэйках дзесці ў Магілёве. На дадзены момант Андрэй Бодзілеў знаходзіцца на волі.

Гэта ўжо трэці вядомы выпадак за апошні месяц, калі ГУБАЗіК затрымлівае магілёўскіх грамадскіх дзеячаў.

Першым быў праваабаронца Аляксандр Хамратаў, які праходзіць падазраваным па двух крымінальных справах па факце нібыта абразы супрацоўнікаў міліцыі.

Прыкладна два тыдні таму супрацоўнікі ГУБАЗіК затрымалі экс-кандыдата ў дэпутаты на парламенцкіх выбарах 2019 года, актывіста Сяргея Тышкаўца. У якім ён статусе і па якой крымінальнай справе праходзіць – невядома.