Актывісту Антону Косцову за грошы прыйшлося даказваць, што ён не «сацыяльны утрыманец».

30 кастрычніка. Магілёў. Алесь Святліцкі


Бацькі Касцова атрымалі паведамленне з падатковай ў сярэдзіне кастрычніка. Касцову прапанавалі альбо выплаціць збор, альбо даказаць, што ён мае права не рабіць гэтага.

– Зараз я вучуся ва ўнівэрсытэце ў Беластоку. Каб пазбавіцца ад падатку, мне прыйшлося браць дакумент з ВНУ, што ў 2015 годзе я навучаўся там. Мне прыйшлося скарыстацца паслугамі перакладу з польскай на рускую, а таксама натарыяльна запэўніць паперу – у выніку «сыход» ад падатку абыйшоўся ў мільён недэнамінаваных рублёў, – распавёў Антон.

Па словах хлопца, супрацоўнік падатковай інспекцыі цікавіўся ў яго, чаму Касцоў вырашыў вучыцца ў Беластоку і ці вышэй там якасць жыцця. Пры гэтым пра палітычную дзейнасць падаткавік не запытваўся.

– Склалася ўражанне, што яны не ведаюць, хто я і чым займаюся, – паведаміў актывіст АГП.

Антон Касцоў сказаў, што пасля заканчэння універсітэта збіраецца вярнуцца ў Беларусь, каб выкарыстоўваць веды для сваёй радзімы. Падатак на дармаедства ён лічыць спосабам дзяржавы залатаць дзіркі ў бюджэце:

– Для мяне відавочна, што дэкрэт №3 «Аб сацыяльным ўтрыманстве» – антыканстытуцыйны. Дзяржава стараецца адшукваць грошы любым спосабам, таму што эканоміка зараз знаходзіцца ў крызісе, а для рэформаў няма палітычнай волі. Мне здаецца, неабходна агульная петыцыя за адмену «падатку на дармаедства». Прычым не ў Інтэрнэце, а ў рэальным жыцці, з дзесяткамі тысяч подпісаў. Гэты падатак павінен быць адменены, – перакананы Антон Касцоў.