Пры гэтым яна робіць усё, каб журналіст Уладзімір Лапцэвіч прапусціў тэрмін і не змог абскардзіць гэтае рашэнне ў судзе.

26 верасня. Магілёў. Алесь Святліцкі. На фота – намначальніка Ленінскага РАУС Юрый Калацілкін


Журналіст БелаПАН Уладзімір Лапцэвіч атрымаў з Ленінскага РАУС ліст за подпісам намесніка начальніка Юрыя Калацілкіна, у якім міліцыя абвясціла аб спыненні праверкі ў дачыненні да супрацоўніка Адміністрацыі Ленінскага раёна Канстанціна Кісцянёва. Падобна на тое, што на гэты раз канчаткова: Калацілкін абвясціў аб сканчэнні тэрмінаў прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці.

Пры гэтым Уладзімір Лапцэвіч не можа абскардзіць гэтае рашэнне. Для гэтага яму трэба атрымаць пастанову, якую міліцыя яму не выдае:

Зыходзячы з ліста Калацілкіна, пастанову аб спыненні праверкі вынеслі 19 верасня. Сёння ўжо 26-га, прайшоў тыдзень, а афіцыйнага дакумента на руках у мяне няма. Без яго я не магу накіраваць скаргу ў суд. А зрабіць гэта трэба абавязкова ў пятнаццацідзённы тэрмін. Гэта значыць, што палова неабходнага часу ўжо прайшла, – распавёў Лапцэвіч.

Паводле яго слоў, пастанова знаходзіцца ва УУС Магілёўскага аблвыканкама. Туды журналіст звяртаўся, каб дамагчыся ў кіраўніка абласной міліцыі Аляксандра Кавальчука прававой ацэнкі ягоных падначаленых. Нагадаем, намеснік начальніка міліцыі грамадскай бяспекі Сяргей Волкаў і ўчастковы інспектар Аляксандр Шмаянкоў падчас праверкі пазначылі ў матэрыялах справы, што апытвалі Лапцэвіча і некалькіх сведак з нагоды таго, што адбылося ў будынку Адміністрацыі Ленраёна, хоць гэта і хлусня.

– На мінулым тыдні мне нават патэлефанавалі, пачалі пытацца, што менавіта адбывалася тады з Кісцянёвым. Прычым спрабавалі выбудаваць сітуацыю такім чынам, быццам ён усяго толькі не пусціў мяне на сход, які не адбыўся. Я ж ім патлумачыў, што мерапрыемства не адбылося з-за таго, што людзі пачалі абурацца яго дзеяннямі ў дачыненні да мяне, – растлумачыў Лапцэвіч.

Нагадаем, што 29 красавіка ў будынку Адміністрацыі Ленінскага раёна Магілёва адбыўся сход членаў гаражнага кааператыва “Спадарожнік-2008”. Члены кааператыва запрасілі для асвятлення мерапрыемства журналіста БелаПАН Уладзіміра Лапцэвіча, аднак прадстаўнік раённай улады Канстанцін Кісцянёў адмовіўся пусціць карэспандэнта ў залу. Журналіст напісаў скаргу ў Ленінскі РАУС, у якой папрасіў прыцягнуць чыноўніка да адміністрацыйнай адказнасці.

Праверку ў дачыненні да Кісцянёва тройчы спынялі, але Лапцэвіч дамагаўся яе аднаўлення праз суд.

Зараз абскардзіць рашэнне міліцыі ў Лапцэвіча пакульняма і гэта, на думку журналіста, маляўніча характарызуе сітуацыю:

– Міліцыя робіць усё, каб выгарадзіць чыноўніка. Ва УУС мне сказалі, што пастанову аб спыненні справы выслалі ў Ленінскі РАУС яшчэ 20 верасня. У Ленінскім РАУС кажуць, што яна яшчэ ў УУС. Гэта значыць, што афіцыйны дакумент падарожнічае з адной магілёўскай вуліцы на іншую ўжо шэсць дзён, – абураецца Лапцэвіч.

Праваабаронца Барыс Бухель называе тое, што адбываецца, сабатажам:

– Міліцыя некалькі разоў фактычна адмаўлялася выконваць рашэнне суда. Суддзі некалькі разоў прама пазначалі, што павінны зрабіць супрацоўнікі РАУС, і кожны раз міліцыя ўхілялася ад гэтага. Мне здаецца, тут відавочна кожнаму, што чыноўніка спрабавалі вывесці з-пад удару ўсімі даступнымі спосабамі. І падобна на тое, што гэта атрымалася. Перад законам, відавочна, роўныя не ўсе, – падвёў вынік Бухель.