28 лютага. Магілёў. Ленінскі РАУС. Алесь Святліцкі
Позву Алегу Аксёнаву даставілі ўчора, 27 лютага. Яму загадалі з’явіцца ў апошні дзень зімы а 8 раніцы ў Ленінскі РАУС. Палітык распавёў mspring.online, што з ім размаўляў маёр Яўген Слаўнікаў:
– Пытанні задаваліся тыя ж самыя, што і Шанцаву, я думаю. Наша справа аб’яднана. Маёр пытаўся, ці лічу я сябе арганізатарам незаконнага масавага мерапрыемства, чаму вырашылі ўвогуле яго правесці, чаму дзейнічалі ў супрацьвагу забароне гарвыканкама. Я яму шчыра адказаў, што ні ў чым сябе вінаватым не лічу, што ў нас ёсць галоўны закон краіны – Канстытуцыя, і па гэтым законе я маю права на свабоду мірных сходаў. Больш за тое, я магу нават не папярэджваць улады пра сваё жаданне выйсці на мірнае масавае мерапрыемства, – пракаментаваў Аксёнаў свой паход у Ленінскі РАУС.
Па словах лідэра магілёўскіх хрысціянскіх дэмакратаў, пасля гэтага паміж імі адбылася невялікая спрэчка, што важней – Канстытуцыя ці законы.
– Маёр Слаўнікаў некалькі разоў паўтарыў, што Канстытуцыя, вядома – галоўны нарматыўны акт краіны, але законы трэба выконваць. На гэта я спытаў, а ці не павінны супрацоўнікі органаў унутраных спраў сачыць, у тым ліку, за тым, каб заканадаўства адпавядала Канстытуцыі. У выніку ён сказаў, што ведае пра ўсё гэта і што яго быццам бы прымушаюць займацца гэтай справай, – паведаміў Алег Аксёнаў.
Падчас апытання палітык даведаўся, што стала падставай для старту адміністрацыйнага пераследу – рапарт старэйшага інспектара ААПП Ленінскага РАУС маёра Дзяніса Грыбко. Справу аб адміністрацыйным правапарушэнні Алег Аксёнаў лічыць супрацьзаконнай:
– Для мяне відавочна, што гэта спроба запалохаць людзей, каб яны ў далейшым не выйшлі на акцыі пратэсту. Аднак што супрацьзаконнага у мірных сходах? Краіна павінна жыць па той Канстытуцыі, якую яна прыняла.
Палітыка абвінавацілі ў арганізацыі несанкцыянаванага масавага мерапрыемства 19 лютага. Дата суда пакуль невядомая.