На Пятра Мігурскага, які збіраў подпісы за вылучэнне ў кандыдаты ў прэзідэнты Юрася Губарэвіча, завялі адміністрацыйную справу па «народным» артыкуле.

23 чэрвеня. Магілёў. Ігар Лазоўскі


Раніцай, 23 чэрвеня, кандыдата эканамічных навук, сябра руху «За Свабоду» Пятра Мігурскага выклікалі ў Шклоўскі РАУС. Падставай стаў акт ад імя старшыні і сакратара Шклоўскай раённай выбарчай камісіі.

У міліцыі Мігурскага пратрымалі больш за тры гадзіны. На яго склалі пратакол за «несанкцыянаванае масавае мерапрыемства» каля скульптурнай кампазіцыі «Шклоўскі агурок» побач з мясцовым Домам культуры.

Сам Мігурскі заявіў, што ён усяго толькі збіраў подпісы за вылучэнне ў кандыдаты ў прэзідэнты Юрася Губарэвіча, які ў якасці вылучэнца зарэгістраваны ў ЦВК.

На думку міліцыі, Мігурскі «з 12:08 да 12:40 прыняў актыўны ўдзел у несанкцыянаваным пікеце, не маючы дазволу мясцовай выбарчай камісіі, пад выглядам збору подпісаў выказаў сваё асабістае меркаванне па адносінах да дзеючай улады».

У пратаколе аб адміністрацыйным правапарушэнні не пазначана канкрэтная частка артыкула, па якой хочуць прыцягнуць Мігурскага.

Сам ён віну поўнасцю адмаўляе:

– Усё, што напісана ў пратаколе, не адпавядае рэчаіснасці. Гэта ўсё надумана. Несанкцыянаваных пікетаў на зборы подпісаў проста не бывае, – заявіў Мігурскі, пра што зрабіў адзнаку ў адміністрацыйным пратаколе.

Сітуацыя з кандыдатам навук са Шклова на дадзены момант цалкам падпадае пад бягучы палітычны курс рэпрэсій, накіраваны на зачыстку канкурэнтаў вылучэнца і дзеючага прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі.