Запрашэнне ў міністэрства ўнутраных спраў кіраўнікі арганізацыі лічаць прызнаннем заслуг гэтай структуры.

28 чэрвеня. Магілёў. Саша Мінько


Два тыдні таму Магілёўскі часопіс аправах чалавека MSPRING.ONLINE пісаў пра тое, як смаленскае Агенцтва інтэграцыйных ініцыятыў атрымала чарговы грашовы транш з фонду прэзідэнцкіх грантаў РФ. Пуцін выдаў грант для расейскай экспансіі на Магілёўскую і Віцебскую вобласці

Зараз гэтая гісторыя атрымала працяг. 24 чэрвеня смаленскае Агенцтва інтэграцыйных ініцыятыў упершыню было запрошана ў расійскі МЗС. Там прадстаўнікоў рэгіянальных некамерцыйных арганізацый (НКА) прымаў асабіста Сяргей Лаўроў.

Таксама на сустрэчы прысутнічаў начальнік упраўлення прэзідэнта РФ па міжрэгіянальных і культурных сувязях з замежнымі краінамі Уладзімір Чарноў і кіраўнікі расійскіх фондаў, якія фінансуюць і вядуць міжнародную дзейнасць – “Рассупрацоўніцтва”, “Расмоладзь”, Грамадская палата РФ.

У афіцыйным паведамленні расійскага МЗС для СМІ дзяжурна гаворыцца, што мерапрыемства прайшло ў фармаце семінара, у рамках якога адбыліся тры панэльныя дыскусіі па актуальных пытаннях міжнароднай дзейнасці рэгіянальных НКА.

Але самі ўдзельнікі сустрэчы адзначаюць, што Сяргей Лаўроў задаў нефармальны тон і адразу ж даў ацэнку таго, што адбываецца – роля рэгіянальных некамерцыйных арганізацый у прасоўванні за мяжой рускай мовы і культуры, выбудоўванні сувязяў з суайчыннікамі расце.

Таксама ён адзначыў важнасць выхаду рэгіянальных НКА на міжнародныя пляцоўкі. Ён хацеў бы іх часцей бачыць у ААН, Савеце Еўропы, АБСЕ і прапанаваў дамагацца набыцця імі кансультатыўнага статусу пры гэтых міжнародных структурах.

Не менш адкрытым быў і Уладзімір Чарноў. Ён заявіў аб неабходнасці забеспячэння сістэмнасці і каардынацыі ў рабоце ўсіх структур на знешнепалітычным кірунку, прапанаваў уключаць прадстаўнікоў рэгіянальных НКА ў склад МЗС-аўскіх дэлегацый.

Расійскі чыноўнік заклікаў фармаваць якасны інфармацыйны прадукт, распавядаючы пра Расію на розных пляцоўках – у ВНУ, праз аналітычны сектар, бізнэс. Адзначым, што гэта роўна тое, чым і займаецца Агенцтва інтэграцыйных ініцыятыў на Магілёўшчыне і Віцебшчыне на працягу апошніх чатырох гадоў.

Смаленск на сустрэчы ў МЗС прадстаўляла асабіста старшыня праўлення Агенцтва інтэграцыйных ініцыятыў Вольга Шаўчэнка. Запрашэнне ў міністэрства яна лічыць прызнаннем заслуг гэтай структуры, закліканай прасоўваць «мяккую сілу» Расеі ў найбліжэйшай памежжы. Цяпер становіцца відавочным, што ідэя ператварыць Смаленск у цэнтр беларуска-расійскага памежжа не была спантаннай. Мяркуючы па выступах расійскага кіраўніцтва, гэта частка глабальнай задумы па павелічэнні расійскага ўплыву на рэгіён.

Фото: Агентство интеграционных инициатив

Характэрна, што ўжо на наступны дзень, 25 чэрвеня Сяргей Лаўроў старшыняваў у пасяджэнні урадавай камісіі па справах суайчыннікаў за мяжой. Былі падведзены вынікі работы Фонду падтрымкі і абароны правоў суайчыннікаў, якія пражываюць за мяжой, узгоднены меры па далейшаму павышэнню эфектыўнасці гэтай працы, у тым ліку яе матэрыяльнае забеспячэнне.