Сяргей Сівец “адфутболіў” актывістак грамадзянскай ініцыятывы “Маці 328”, якая аб’ядноўвае сваякоў грамадзян, асуджаных за нарказлачынствы.

“Лічым немэтазгодным”, – так старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацсходу па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве Сяргей Сівец адказаў актывісткам грамадзянскай ініцыятывы “Маці 328”.

У офісе Сяргея Сіўца актывісткам патлумачылі, што больш не будуць абмяркоўваць тэму жорсткіх крымінальных тэрмінаў для моладзі па артыкуле 328 КК «Незаконнае абарачэнне наркотыкаў», бо лічаць тэму вычарпанай, у якой пазіцыя МУС і Вярхоўнага Суда паставіла кропку. Пры гэтым клеркаў не збянтэжыла, што законы абмяркоўваюць і выдаюць менавіта ў парламенце, а не ў міліцыі.

Больш за тое, актывісткам прыйшоў і афіцыйны адказ за подпісам Сяргея Сіўца. Ён піша, што дзеянне закона “Аб звароце грамадзян і юрыдычных асоб” не распаўсюджваецца на звароты, якія падлягаюць разгляду ў адпаведнасці з Крымінальна-працэсуальным заканадаўствам. Таму, па версіі спадара Сіўца, службовыя асобы арганізацый, якія праводзяць асабісты прыём, маюць права адмовіць у асабістым прыёме ў выпадку звароту па пытаннях, якія не адносяцца да кампетэнцыі гэтых арганізацый.

Такім чынам, лічыць старшыня Пастаяннай камісіі па заканадаўстве, адсутнічаюць падставы для асабістай сустрэчы ініцыятывы “Маці 328”, якая заклікае змяніць заканадаўства, са старшынёй Савета Рэспублікі.

Адказ Сяргея Сіўца можа стаць канцом дыскусіі ўладаў з актывісткамі руху. Гэтая небяспечная фармулёўка можа зараз выкарыстоўвацца ўсімі дзяржустановамі, куды звяртаюцца грамадзяне.

Пры гэтым прызначаны сябрам Савета Рэспублікі Нацсходу Зміцер Баскаў, як стала MSPRING.MEDIA, наадварот, дастаткова цёпла прыняў актывістак руху 2 жніўня і паабяцаў ім «разабрацца ў сітуацыі». Асаблівую ўвагу ён удзяліў жорсткім прысудам для непаўналетніх, асуджаных па самай строгай частцы 4 артыкула 328 КК.