У год 75-гадовага юбілею вызвалення Беларусі ад гітлераўцаў стэла мемарыяльнага комплексу ахвярам фашызму, савецкім воінам і партызанам знаходзіцца ў жаласным стане.
15 лютага. Асіповіцкі раён, в. Брыцалавічы. Алесь Святліцкі / Фота – пракуратура Асіповіцкага раёна
Пракуратура Асіповіцкага раёна запатрабавала ад старшыні мясцовага выканкама і раённага Савета дэпутатаў адрамантаваць частку комплексу ахвярам Вялікай айчыннай вайны ў вёсцы Брыцалавічы.
Падчас пракурорскай праверкі высветлілася, што стэла, якую збудавалі ў 1977 годзе, знаходзіцца ў жаласным стане. Бетон ў многіх месцах адваліўся, вонкі тырчыць іржавая арматура.
– Выяўленыя пашкоджанні спецыялісты ахарактарызавалі як значныя і аказваючыя непасрэдны ўплыў на агульную ўстойлівасць збудавання і яго бяспечную эксплуатацыю, – паведаміла служба інфармацыі пракуратуры Магілёўскай вобласці.
Каб пазбегнуць няшчасных выпадкаў, пракурорскія работнікі рэкамендавалі абмежаваць частку мемарыяльнага комплексу ахвярам фашызму. Людзі павінны знаходзіцца на адлегласці не менш за 12 метраў ад стэлы.
У паведамленні таксама адзначаецца, што на рэканструкцыю, рэстаўрацыю, рамонт і добраўпарадкаванне воінскіх пахаванняў, мемарыяльных комплексаў, месцаў баявой і воінскай славы ў Асіповіцкім раёне ў пачатку года было выдзелена 15 тыс. рублёў. Аднак гэтыя грошы ўжо размеркавалі па іншым вясковым выканкамам.