Былы кандыдат у дэпутаты парламента Андрэй Юркоў будзе даказваць сваю невінаватасць у Магілёўскім абласным судзе.

28 студзеня. Магілёў – Дрыбін. Ігар Лазоўскі


У верасні 2019 г. экс-кандыдат у дэпутаты парламента па Горацкай выбарчай акрузе №82 Андрэй Юркоў паставіў у «Аднакласніках» знак «Сумую» на карцінку, дзе параўноўваліся савецкі і нацысцкі рэжымы. Дзякуючы алгарытмах сацсеткі, малюнак патрапіў у асабістую стужку Юркова.

Мем адсачылі ва УУС Магілёўскага аблвыканкама. Старшы інспектар Пугачоў склаў рапарт, у якім адзначыў, што Юркоў распаўсюдзіў «нацысцкую сімволіку», што забаронена арт. 17.10 КаАП РБ. Намеснік начальніка УУС Уладзімір Рыжанкоў перанакіраваў рапарт у Дрыбінскі РАУС.

Лейтэнант міліцыі Станкевіч склаў на Юркова адміністрацыйны пратакол па іншым артыкуле – замест распаўсюджвання нацысцкай сімволікі, міліцыянт прыпісаў мужчыне распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў (ч.2 арт. 17.11).

На працэсе 23 снежня Андрэй Юркоў заявіў, што ў яго не было намеру распаўсюджваць нацысцкую сімволіку. Ён таксама распавёў, як пацярпела ягоная сям’я як ад нацысцкага, так і ад савецкага палітычных рэжымаў.

Адвакат Юркова Таццяна Лішанкова, у сваю чаргу, патлумачыла суддзі, што карцінка, рэакцыю на якую ставяць у віну Юркову, не знаходзіцца ў спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў Міністэрства інфармацыі РБ.

Нягледзячы на ​​ўсе тлумачэнні, суддзя Барыс Пігаль пастанавіў аштрафаваць палітыка на 10 базавых велічыняў – 255 рублёў.

Андрэй Юркоў не пагадзіўся з рашэннем суда і абскардзіў яго ў Магілёўскім абласным судзе. Пасяджэнне адбудзецца 6 лютага ў 9:30.