«Рускі дом у Гродне» правёў дыялогавую пляцоўку, як заяўлена, з «ветэранамі»: адна з іх нарадзілася праз 10 гадоў пасля вайны.

Мерапрыемства ў фармаце дыялогавай пляцоўкі «Нам мір завешчана берагчы» прайшло ў бібліятэцы №2 Гродна. Сярод удзельнікаў, а запрасілі нават замежных студэнтаў з краін Цэнтральнай Азіі, былі заяўленыя «ветэраны, школьнікі, педагогі, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый». Пасля прагляду відэароліка пра Перамогу і прэзентацыі выставы дзіцячага малюнка перад прысутнымі выступілі госці.

Ад імя «ветэранаў» выступілі 84-гадовы палкоўнік у адстаўцы, ветэран Узброеных сіл СССР Уладзімір Цюцюннік, выпускнік Кіеўскага ваеннага вучылішча сувязі 1965 года, і намесніца старшыні Савета ветэранаў Кастрычніцкага раёна 70-гадовая Ірына Галайда, якая адпрацавала 30 гадоў у дзіцячым садку прадпрыемства «Гродна Азот». Падлеткам і педагогам яны расказвалі пра Перамогу, 81-ю гадавіну якой адзначаюць у Беларусі.

Ірына Галайда з медалямі

Паводле афіцыйных даных, сёння ў Беларусі жывуць 574 ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, з іх 269 — гэта ўдзельнікі і інваліды вайны, якія непасрэдна бралі ўдзел у баявых дзеяннях. Іх сярэдні ўзрост — 99 гадоў, і большасць з іх жыве ў Мінскай вобласці. Тым не менш, ва ўсіх гарадах краіны працягваюць працаваць Саветы ветэранаў, якія аб’ядноўваюць звычайных пенсіянераў і праводзяць мерапрыемствы ў школах.