Валанцёры каманды MAYDAY разаслалі лісты і паштоўкі затрыманым

У суботу 8 жніўня валанцёры каманды MAYDAY разаслалі лісты і паштоўкі затрыманым журналістам і праваабаронцам

 

Напярэдадні, 7 жніўня, Ленінскі суд Магілёва незаконна асудзіў журналістаў і праваабаронцаў Аляксандра Буракова і Сашу Райкана, актывіста Аляксандра Хамратова. Кожнаму – па 10 сутак адміністрацыйнага арышту ў ізалятары часовага ўтрымання. Таксама 10 сутак атрымаў назіральнік Андрэй Застрэлаў.

 

У гэты ж дзень на суткі адправілі і журналіста Уладзіміра Лапцэвіча. Ён атрымаў 12 сутак арышту, а раней, знаходзячыся ў ізалятары да суду, абвясціў галадоўку. На 7 сутак быў асуджаны актывіст Аляксандр Таланкоў.

 

Валанцёрская група “Магілёўскай вясны” сабрала людзей менш, чым за суткі. У выхадны дзень, з 13:00 да 16:00, людзі прыходзілі падпісваць паштоўкі і пісаць лісты ад рукі, каб выказаць салідарнасць з усімі затрыманымі. Некаторыя нават малявалі на паштоўках.

 

 

 

Людзі рыхтавалі лісты не толькі для затрыманых у Магілёве – пісалі і іншым палітвязням, напрыклад, Ігару Лосіку, блогеру і адміністратару телеграм-канала “Беларусь галаўнога мозгу”, які знаходзіцца ў СІЗА.

 

 

У выніку валанцёры адправілі каля 20 лістоў і паштовак.
Яшчэ адзін збор “Падпісваем паштоўкі палітвязням” каманда
MAYDAY правядзе на наступным тыдні.

 

 

У магілёўскім ІЧУ цяпер утрымліваюцца:

Аляксандр Сяргеевіч Буракоў

Аляксандр Уладзіміравіч Буракоў

Уладзімір Лапцэвіч

Аляксандр Хамратаў

Андрэй Застрэлаў

Аляксандр Таланкоў

Дзмітрый Салаўёў

 

Напісаць затрыманым можна па адрасе:

ІЧУ УУС Магілёўскага аблвыканкаму

вул. Крупскай, 99Б,

212011, Магілёў