«Вам падабаюцца трупы?». Валанцёры MAYDAY правялі акцыю супраць забойстваў дзяржавай ФОТА

Праваабарончая валанцёрская ініцыятыва абвяла мелам «трупы» у месцах масавага збору людзей і ў цэнтры Магілёва, суправадзіўшы акцыю улёткамі.

10 кастрычніка. Магілёў. Ігар Лазоўскі


Каманда MAYDAY – валанцёрская група «Магілёўскай вясны» – у сусветны дзень супраць смяротнага пакарання 10 кастрычніка правяла сваю акцыю: абвяла мелам каля дзясятка «нябачных трупаў» і расклеіла ўлёткі, якія заклікаюць адмяніць вышэйшую меру пакарання ў Беларусі.

– У мінулым годзе мы правялі форум-тэатр супраць смяротнага пакарання, у пазамінулым ладзілі кінапаказ. За гэты час мы ўбачылі, што пераважная частка людзей, хто ходзіць на нашы мерапрыемствы, выступае супраць забойства злачынцаў. Мы вырашылі, што трэба неяк уздзейнічаць на тых, хто не ходзіць у цэнтр «Кола» або «Читайбург» і хто не задумваецца над гэтай тэмай, – распавёў адзін з удзельнікаў акцыі Саша Райкан.

Паводле яго слоў, ён разам з іншымі валанцёрамі «Магілёўскай вясны» аб’ехалі каля дзясятка кропак – гэта былі ці прыпыначныя пункты, або аркі ў цэнтры горада.

– З-за дажджу нам прыйшлося скарэктаваць свой першапачатковы план. Вырашылі, што прыпынкі, якія знаходзяцца побач з прахаднымі заводаў – выдатны варыянт. Там штодня прыязджаюць і з’язджаюць сотні чалавек. Аркі ў цэнтры горада – таксама досыць «пешаходны варыянт», – распавёў ён.

Паводле яго слоў, абвядзенне мелам ў поўны рост постаць чалавека практычна адразу выклікае асацыяцыі з забойствам, таму валанцёры MAYDAY вырашылі выкарыстаць такі фармат перадачы думкі:

– Забойства – гэта заўсёды забойства. Яно не бывае справядлівым ці не. Якая розніца, здзейснена яно ў СІЗА №1 у Мінску ці на вуліцах Магілёва. Глабальна карціну гэта не мяняе. Кожны год дзяржава напаўняе краіну такімі «нябачны трупамі». Мы проста надалі гэтаму бачную форму.

Фігуры з’явіліся недалёка ад прахадных заводаў «Хімвалакно», «Ольса-Тэхнапрыбор», «Зеніт» і «Магілёўтрансмаш». Таксама былі задзейнічаныя аркі ў цэнтры Магілёва.