Спроба даведацца розніцу паміж дэпутатам і простымі грамадзянамі зноў уткнулася ў міліцэйскі бюракратызм.
8 красавіка. Магілёў. Ігар Лазоўскі
Аляксандр Хамратаў пісьмова папрасіў Ленінскі РАУС абазначыць розніцу паміж дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Ігарам Марзалюком і людзьмі, якія атрымалі 15 сутак за выступ на мітынгу супраць Дэкрэта №3 15 сакавіка.
– 28 сакавіка мне прыйшоў адказ з Ленінскага РАУС, у якім было сказана, што ў дачыненні да Марзалюка не складаўся пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве з-за адсутнасці ў яго дзеяннях складу правапарушэння. Тады я звярнуўся да кіраўніцтва РАУС з просьбай вызначыць тонкую мяжу паміж дзеяннямі дэпутата Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Марзалюка і дзеяннямі тых, хто аналагічным чынам прымаў удзел у акцыі, але панёс суровае пакаранне ў выглядзе арышту на 15 сутак, – паведаміў Аляксандр Хамратаў.
Аднак адказ прыйшоў амаль такі ж, як і ў першы раз. Начальнік РАУС Аляксей Шчарбакоў заявіў, што «пратакол аб адміністратыўным правапарушэнні за парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў, не складаўся, па прычыне адсутнасці ў дзеяннях Ігара Марзалюка складу названага адміністрацыйнага правапарушэння».
Праваабаронца Аляксандр Хамратаў на гэта заявіў, што абавязкова будзе абскарджваць гэты адказ.