Як некалькі сотняў чалавек пратэставалі супраць Дэкрэта №3  у цэнтры горада (ФОТАРЭПОРТ).

19 лютага. Магілёў. Вул. Ленінская, 29 – пл. Зорак. Алесь Святліцкі


Яшчэ да пачатку актыўнай фазы пратэсту людзі у маленькіх купках абмяркоўвалі паміж сабой Дэкрэт №3. Многія з іх скардзіліся на невялікія заробкі і гатоўнасць выходзіць на акцыі пратэсту і надалей. Адна з жанчын гучна заявіла, што калі не выходзіць, будзе яшчэ горш, а горш можа быць толькі галодная смерць. Усім незадаволеным ініцыатары акцыі прапаноўвалі распісацца за адмену Дэкрэта. За некалькі хвілін у падпісных лістах людзі пакінулі дзясяткі подпісаў. Замест шпацыра, які абвесцілі палітыкі, атрымаўся імправізаваны мітынг, на якім мог выступіць любы жадаючы.

Першым выступіў кіраўнік партыі АГП па Магілёўскай вобласці Уладзімір Шанцаў. Ён заявіў, што падатак на дармаедства – гэта прыніжэньне уласнага народа і ён павінен быць адменены. Пасля яго слова ўзяў лідэр АГП Анатоль Лябедзька, які заклікаў усіх прысутных прыйсці 15 сакавіка на марш у Мінску.

– Калі ўлада ўбачыць, што мы выходзім тысячамі, яна будзе абавязаная адмяніць гэты дэкрэт, – сказаў палітык.

Мітынг сустракаў любы крытычны выступ супраць урада і прэзідэнта радаснымі воклічамі і апладысментамі. Да гучнагаварыцелю сталі падымацца людзі з натоўпу. Па чарзе яны расказвалі пра свае жыццёвыя сітуацыі і заклікалі ўладу адмяніць Дэкрэт №3.

Сход доўжыўся каля гадзіны, пасля чаго некалькі сотняў чалавек вырашылі прагуляцца да плошчы Зорак. Падчас маршу Анатоль Лябедзька некалькі разоў заводзіў натоўп – людзі крычалі «Жыве Беларусь» і «Прэзідэнт і чыноўнікі – дармаеды». Усе мерапрыемства доўжылася каля паўтары гадзіны.

За прысутнымі назіралі адразу некалькі чалавек з камерамі ў цывільным адзенні без апазнавальных знакаў. У адным з іх праваабаронца Аляксандр Хамратаў пазнаў свайго ўчастковага інспектара Гейгера.

Па словах праваабаронцы Аляксея Колчына, які ажыццяўляў назіранне за акцыяй, супрацоўнікаў міліцыі ў форме і аўтазакі ён не заўважыў. Некалькі чалавек, якія вялі здымку і назіралі за натоўпам, па заканчэнні мерапрыемства забраліся ў адзін мікрааўтобус і з’ехалі. Пра затрыманні і складанні пратаколаў інфармацыі не паступала.

ВІДЭА ТАГО, ШТО АДБЫВАЛАСЯ!