Мультфільм у беларускай агучцы запусцяць 1 верасня ў кінатэатры «Космас».
24 жніўня. Магілёў. Ігар Лазоўскі
Праект «Беларускія ўікэнды» пакажа магілёўцам французскі мультфільм «Маленькі прынц» у беларускай агучцы. У стужкі рэжысёра Марка Осбарна пахвальныя водгукі і досыць высокі рэйтынг – 7,9 / 10 на Кінапошуку і столькі ж на iMDb.
У мультфільме распавядаецца гісторыя дзяўчынкі, якая пачынае сябраваць са старым лётчыкам-авіятарам, які жыве па суседстве. Ён распавядае дзяўчынцы пра Маленькага прынца і зоркі, адчаго дзяўчынка загараецца будучымі вандраваннямі.
Стужку ўжо паказалі ў Мінску і Гродне. Усяго яе паглядзела больш за тры тысячы гледачоў. На беларускую мову мультфільм агучылі Ганна Хітрык, Сяргей Жбанкоў, Павел Харланчук, Святлана Цімохіна і іншыя.
У Магілёве фільм пакажуць 1 верасня ў 18:00, 2 і 3 верасня – у 16:00. Усе паказы пройдуць у кінатэатры «Космас» (пр-т Пушкінскі, 10).
Праект «Беларускія ўікэнды» рэалізуецца пры падтрымцы Атлант-Тэлекам і Velcom.