Рамана Мішчанку да вечара пратрымалі ў Ленінскім РАУС, парэкамендаваўшы яму ўстрымацца ад любых мітынгаў.

29 красавіка. Магілёў. Ігар Лазоўскі


Актывіст Раман Мішчанка, які публічна заявіў пра правядзенне пратэстнай акцыі 1 траўня, быў затрыманы 27 красавіка на чыгуначным вакзале. Па словах актывіста, яго адвезлі ў Ленінскі РАУС “для прафілактычнай гутаркі».

Хацеў з’ехаць у Менск па сваіх справах. Прама на вакзале мяне «прынялі», адвезлі ў райаддзел. Там міліцыянт пачаў са мной размаўляць. Пытаўся, чым займаюся, каго ведаю. Пытаўся, навошта праводзіць мітынгі ў такі складаны час. Рэкамендаваў ўстрымацца ад іх, папярэдзіў аб адказнасці за несанкцыянаваныя мерапрыемствы. Я на ўсе заяўляў, што не збіраюся размаўляць без адваката. Так пратрымалі да вечара, пасля чаго адвезлі дадому, – распавёў Раман Мішчанка.

Паводле яго слоў, на наступны дзень, 28 красавіка, каля ягонага дома цэлы дзень дзяжурыў аўтамабіль з праваахоўнікамі ў цывільным.

– Блакавалі, каб нікуды не сышоў, думаю, – лічыць актывіст.

Нягледзячы на ​​прэсінг, ён усё роўна плануе ўдзельнічаць у акцыі пратэсту 1 траўня. У дадзены момант месцазнаходжанне Рамана Мішчанкі невядома.