Старшыня гарвыканкама Уладзімір Цумараў падпісаў 30 чэрвеня дакумент, які дазваляе пікеты ў большай колькасці месцаў, чым першае рашэнне гарвыканкама, якое было прынята 24 чэрвеня.
3 ліпеня. Магілёў. Алесь Святліцкі
Паводле змяненняў, цяпер збіраць подпісы за вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў можна будзе каля арганізацый з колькасцю работнікаў больш за трыста чалавек, будынкаў сродкаў масавай інфармацыі, на тэрыторыі спартыўных устаноў, устаноў культуры і сацыяльнага абслугоўвання.
Пад забаронай засталіся пікеты на плошчы Леніна і плошчы Славы, у падземных пераходах, аўтавакзалах і аб’ектах чыгункі, у пяцідзесяці метрах ад будынкаў прадстаўнічых, выканаўчых і распарадчых органаў, судоў, пракуратуры, а таксама на тэрыторыі арганізацый, якія забяспечваюць абараназдольнасць, бяспеку дзяржавы і жыццядзейнасць людзей.
Змененае рашэнне хоць і палепшыла становішча ініцыятыўных груп у параўнанні з рашэннем ад 24 чэрвеня, аднак прынцыпова сітуацыю не змяніла. Падчас папярэдніх выбараў у Палату прадстаўнікоў ў 2012 годзе гарвыканкам прыняў рашэнне з практычна ідэнтычным наборам забароненых месцаў. Розніца ў больш падрабязных тлумачэннях – у рашэнні ад 9 лiпеня 2012 года у кожным пункце пазначана адлегласць у метрах, у межах якой забаронена пікетаваць, а таксама дадзена тлумачэнне, якія арганізацыі забяспечваюць жыццядзейнасць людзей. У прыватнасці, пазначаўся грамадскі транспарт, прадпрыемствы вода-, цепла- і энергазабеспячэння.
Істотнае адрозненне паміж рашэннем 2012 года і змененым рашэннем 2016 года ў тым, што подпісы за кандыдатаў можна будзе цяпер збіраць каля будынкаў буйных прадпрыемстваў і СМІ.
Паглядзець рашэнне ад 24 чэрвеня
Паглядзець змены ад 30 чэрвеня
Паглядзець рашэнне з папярэдніх парламенцкіх выбараў 2012 года