Праваабаронца і былы кіраўнік «Платформы Іннавэйшн» працягвае абскарджваць дысцыплінарныя спагнанні ад адміністрацыі магілёўскай турмы №4.
22 лютага. Магілёў. Абласны суд. Ігар Лазоўскі
Калегія па грамадзянскіх справах Магілёўскага абласнога суда прадублявала рашэнне суда Ленінскага раёна і пакінула ў сіле дысцыплінарнае спагнанне, з-за якога Андрэй Бандарэнка атрымаў 5 сутак штрафнога ізалятара.
Нагадаем, 25 траўня, калі праваабаронцу канваіравалі ў камеру пасля прагулкі ва ўнутраным дворыку, ён нібыта уступіў у гутарку з іншым зняволеным, пры гэтым праігнараваў заўвагі кантролера. Рашэнне аб адпраўцы яго ў ШІЗА было прынята 2 чэрвеня.
28 снежня суддзя Ленінскага раённага суда Юлія Трапыніна адмовіла праваабаронцы ў ягонай скарзе, спаслаўшыся на пропуск месячнага тэрміну абскарджвання. Трапыніна пакінула без увагі той факт, што ажно да лістапада Бандарэнка спрабаваў адмяніць рашэнне адміністрацыі турмы праз пракуратуру.
Сваё рашэнне калегія пад старшынствам суддзі Стэльмаховай таксама абгрунтавала пропускам тэрмінаў. Адвакат Вадзім Мушынскі папрасіў падрабязна пазначыць у вызначэнні, чаму суд праігнараваў факт абскарджвання спагнання ў пракуратуры.
Рашэнне, як і ў былых выпадках, плануецца абскардзіць у старшыні абласнога суда.
Андрэй Бандарэнка – былы кіраўнік праваабарончай арганізацыі «Платформ Іннавэйшн», якая займалася маніторынгам месцаў зняволення. У 2014 годзе яго прызналі вінаватым у хуліганстве, злосным хуліганстве і асабліва злосным хуліганстве ў дачыненні да трох грамадзян і асудзілі на 3 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму. Усяго на Андрэя Бандарэнку накладзена больш за дзесятак спагнанняў у розных месцах пазбаўлення волі, дзе ён адбываў тэрмін. З-за гэтага былы кіраўнік праваабарончай «Платформы Іннавэйшн» прызнаны злосным парушальнікам рэжыму. Цяперашні яго тэрмін зняволення заканчваецца 31 сакавіка 2017 года.