Блатны спявак і прапаведнік Рускага свету Віктар Каліна, які пагражаў беларускай апазіцыі «забіваць бязлітасна», спакойна дае канцэрты ў Магілёўскай вобласці і раздае інтэрв’ю раённым дзяржгазетам.
2 кастрычніка. Магілёў-Быхаў-Клімавічы. Алесь Святліцкі
Віктар Каліна – вядомы беларускі спявак «блатняка», які больш за ўсё быў вядомы напрыканцы 2010-х гадоў. Тады па тэлеканалах і радыё круцілі песні «Старые друзья» і «За пацанов», якія дагэтуль застаюцца самымі вядомымі ў ягонай творчасці.
Тады ж артыст разам з жонкай атрымаў крымінальны тэрмін за махлярства – Каліна прадаў у Расіі сваё аўто Volkswagen Touareg , пасля чаго сям’я заявіла аб угоне. Артысту далі 5 гадоў зьняволеньня, аднак ён выйшаў па амністыі, пасля чаго пра яго доўгі час не было чуваць.
Новы этап вядомасці да Віктара Каліны прыйшоў напрыканцы 2014 года пасля актыўнай і вельмі агрэсіўнай падтрымкі баевікоў непрызнанай Данецкай народнай рэспублікі.
Акрамя серыі канцэртаў, якія, па словах артыста, ён даваў бясплатна, спявак таксама займаўся дабрачыннасцю і заявіў аб жаданні сабраць грошы, каб перадаць іх для баевікоў ДНР на «прадукты харчавання і камуфляж».
Таксама Каліна мноства раз прызнаваўся ў любові да Рускага света і спадзяваўся, што Наваросія аддзеліцца ад Украіны.
«Я ганаруся, што датычны да гэтага Рускага света. І калі гэты свет адбудзецца тут, калі ніхто не ўключыць заднюю, калі не будзе здраднікаў ні ў Расіі, ні тут, то я думаю, што мая мара споўніцца і я ўбачу іншы Данбас ».
Вядома таксама фота, у якім спявак пазіруе з аўтаматам на фоне надпісу «Смерць бандэрлогам». На Данбасе ён быў узнагароджаны медалём “Абаронцу Новоросіі” і “Патрыёт Айчыны”.
Улетку гэтага года Віктар Каліна на сваім сайце паскардзіўся, што яго не бяруць у ратацыю на радыё і адмаўляюць у тэлеэфірах у Беларусі.
Акрамя таго, было адменена некалькі канцэртаў яго беларускага тура. У гэтым спявак абвінаваціў «інфармацыйныя атакі [беларускай] апазіцыі на мясцовых ідэолагаў» з-за яго прынцыповай пазіцыі па ДНР і ЛНР. Віктар Каліна не хавае свайго стаўлення да беларускіх нацыяналістаў – у сваіх ліставаннях ў сацыяльных сетках артыст кажа, што іх «бязлітасна трэба забіваць», а таксама дэманструе дзіўна багаты слоўнікавы запас.
Нягледзячы на ўсю супярэчлівасць персанажу, Віктар Каліна працягвае канцэртную дзейнасць у Магілёўскай вобласці і, больш за тое, спецыяльна ходзіць у рэдакцыі, каб з ім апублікавалі інтэрв’ю.
На дадзены момант мы ведаем пра два такіх матэрыялы – у газетах «Родная ніва» Клімавіцкага райвыканкама (№74 ад 23 верасня) і «Маяк Прыдняпроўя» Быхаўскага райвыканкама (№78 ад 30 верасня).
Нягледзячы на тое, што канцэрт у Клімавічах пройдзе 17 кастрычніка, а ў Быхаве – 14 кастрычніка, артыст загадзя наведаў раённыя цэнтры. У абодвух выпадках пазначана, што Віктар Каліна сам прыйшоў у рэдакцыі.
У матэрыяле журналісткі Галіны Цыганковай («Родная ніва») палітычныя тэмы не закранаюцца. Затое ёсць фатаграфія Каліны – там выразна праглядаецца ваенная форма, ўзнагародныя знакі Наваросіі і сімвал агрэсіі Расійскай Федэрацыі – шаўрон «Ветлівыя людзі». Шмат у чым дзякуючы ім, нагадаем, да Расеі быў далучаны паўвостраў Крым.
У астатнім артыст выхваляецца сваёй біяграфіяй і пладавітасцю – па ягоных словах, у яго ўжо 17 альбомаў, 500 песень, 200 вершаў і 3 кнігі.
У інтэрв’ю для “Маяка Прыдняпроўя” Віктар Каліна дазволіў сабе ўспомніць, што ён перыядычна бывае на Данбасе і «чым можа – дапамагае мірным жыхарам рэгіёну». Ледзь вышэй ж мы пісалі, што ён аб’яўляў збор грошай на прадукты і камуфляж для войскаў сепаратыстаў.
Зрэшты, гэта не адзінае, у чым памяць падводзіць блатнога шансанье – для быхаўскай газеты ён пахваліўся ўжо 23 альбомамі «арыгінальнымі і перавыданымі» (у Клімавічах казаў пра 17).
Ну і канешне, мы не можам пакінуць нашых чытачоў без прыклада творчасці спявака.