Магілёўская праваабарончая группа правяла дыскусію-прэзентацыю па стане правоў чалавека ў галіне псіхіятрычнай дапамогі ў Беларусі.

30 верасня. Магілёў. Грамадскі цэнтр «Кола». Алесь Святліцкі.


На прэзентацыю-дыскусію сабралася каля 15 чалавек, у асноўным прадстаўнікі палітычных і грамадзянскіх арганізацый.

Александр Бураков

Аляксандр Буракоў

Аляксандр Буракоў адзначыў, што гэта добра, паколькі асноўную дапамогу людзям, якія незаконна падвяргаюцца лячэнню і ўтрымліваецца ў закрытых установах можа аказаць толькі грамадзянская супольнасць.

– Наша ініцыятыва «Магілёўская праваабарончая група» з’явілася як адказ на гэты выклік. Два гады таму, калі мы пачыналі гэтым займацца, у Беларусі не было арганізацый, якія б трымалі ў цэнтры ўвагі праблему правоў чалавека пры аказанні псіхіятрычнай дапамогі. Пры гэтым, на жаль, у нашай дзяржаве ёсць такі феномен, як «карная псіхіятрыя», калі чалавека па рашэнні дзяржорганаў прызнаюць нібыта ненармальным і змяшчаюць у псіхіятрычныя бальніцы, – сказаў Буракоў.

Паводле яго слоў, за час працы атрымалася адпрацаваць некалькі выпадкаў, у прыватнасці з лекарам-псіхіятрам Ігарам Пастновым і актывісткай Алесяй Садоўскай.

Пастноў- своеасаблівы чалавек, які працаваў сам псіхіятрам. Яго адправілі на прымусовае лячэнне пасля таго, як ён проста прайшоўся з камерай па сваім горадзе Віцебску, па ўстановах аховы здароўя і паказаў разруху, якая там адбываецца. Як замежная тэхніка, на якую былі вылучаныя грошы з дзяржбюджэту, проста стаіць пад снегам і ўсім на гэта пляваць. Пасля дзясятага роліка, калі я не памыляюся, супраць яго была распачата цэлая кампанія, у выніку чаго яго прызналі псіхічна-хворым, – распавёў адзін з кейсаў Буракоў. Сітуацыя выправілася толькі калі на яе звярнулі ўвагу СМІ і грамадскасць.

img_2373

Валдзіс Фугаш

Валдзіс Фугаш распавёў пра агульныя праблемы, з якімі сутыкаюцца тыя, каму аказвалася псіхіятрычная дапамога:

– Па-першае, гэта стыгматызацыі. У нас вельмі моцны ярлык, што калі чалавек патрапіў на лячэнне з псіхіятрычным дыягназам, значыць з ім сапраўды ўсё вельмі дрэнна, што ён аўтаматычна пазбаўляецца мноства правоў. У Беларусі моцны стэрэатып «слушнасці лекараў». Калі лекар сказаў – то ўсё, значыць так і ёсць. Між тым, гэта часта памылковае меркаванне.

Да слоў Валдзіса Аляксандр Буракоў прывёў прыклад з Алесяй Садоўскай:

– Беларуская экспертыза выявіла ў яе нібыта хваробу. Нам давялося звазіць яе у Маскву на незалежную экспертызу, якая прызнала, што Садоўская цалкам здаровая. З аднаго боку, на судзе беларускія дактары ціснулі на тое, што Расія нас не датычыцца, з другога, суддзя ж таксама бачыць, што нешта не так. Была прызначаная паўторная экспертыза, дзе Садоўскую прызналі здаровай.

Яшчэ адной праблемай людзей з псіхічнымі і ментальнымі адхіленнямі Валдзіс Фугаш лічыць віктымізацыю:

– У адносінах да такіх людзей лекары, сваякі, іншыя людзі ставяцца часцяком брутальна, грунтуючыся на тым, што чалавек не такі, як яны, не мае нейкіх правоў і таму падобнае. Вядома, гэта вялікая памылка, бо часцяком людзі з засмучэннямі псіхікі могуць цалкам мірна суіснаваць у соцыуме. Аднак большасць адмаўляецца гэта прыняць, – заявіў Фугаш.

img_2409

Магілёўская праваабарончая група прызналася, што напрамкаў, па якіх трэба працаваць, вельмі шмат. Адным з асноўных з’яўляецца змяненне заканадаўства:

– Раней дзейнічаў закон аб аказанні псіхіятрычнай дапамогі, які засноўваўся на расійскім аналаге, прынятым у 90-х. У прынцыпе, з пункту гледжання правоў чалавека, гэта быў досыць якасны нарматыўны акт. Аднак у 2012 годзе парламент Рэспублікі Беларусь прыняў новы закон, у адпаведнасці з якім з хворым могуць звяртацца досыць вольна – асабліва гэта датычыцца кантактаў з навакольным светам. Наша мэта – вярнуць хоць бы варыянт закона, які дзейнічаў да 2012 года, – адзначыў Фугаш.

Борис Бухель

Барыс Бухель

Праваабаронца Барыс Бухель, які прысутнічаў на дыскусіі, прадэманстраваў і зачытаў некаторыя часткі пастановы Канстытуцыйнага суда 2013 году, у якім сказана, што закон аб аказанні псіхіятрычнай дапамогі павінен быць зменены ў адпаведнасці з асноўнымі прынцыпамі правоў чалавека. Да гэтага часу, аднак, гэта не зроблена, заўважыў праваабаронца.

У канцы ўдзельнікі Магілёўскай праваабарончай групы запрасілі ўсіх далучацца да ініцыятывы:

– Вялікая колькасць напрамкаў патрабуюць увагі. Перыядычна ў нас з’яўляюцца валанцёры, якія аказваюць дапамогу, але нам бы, вядома, хацелася, каб такіх людзей было больш, – сказаў у заключэнне Валдзіс Фугаш.