Актывіст Аляксей Паўлоўскі лічыць, што суд вырашыў не ўмешвацца ў нязручную спрэчку.
19 снежня. Магілёў. Ігар Лазоўскі
Напачатку верасня актывіст Аляксей Паўлоўскі сабраў подпісы 17 грамадзян за ўсталяванне скульптурнай кампазіцыі, якую ён сам называе «Бурлакі на суботніку».
– Помнік працы Лукашэнкі і ягонага сына ўзмацніў бы патрыятычны настрой беларусаў, – лічыць мужчына.
Подпісы ён накіраваў у гарвыканкам, адкуль атрымаў адмову – гарадскія ўлады не ўбачылі мэтазгоднасці ва ўсталяванні кампазіцыі. Паўлоўскі абскардзіў адказ у Магілёўскім аблвыканкаме, але і там станоўчага выніку не дамогся.
Магілёвец адрэагаваў скаргай у суд Ленінскага раёна. Ён папрасіў адмяніць адказы гарвыканкама і аблвыканкама, а таксама разгледзець яго зварот з удзелам грамадскасці і асвятленнем у СМІ. У выпадку станоўчага рашэння, мясцовыя ўлады, паводле задумы Паўлоўскага, павінны былі б дамагчыся ў рэспубліканскіх органаў дазволу на ўсталёўку «Бурлакоў на суботніку».
23 лістапада суддзя Андрэй Юрчанка паведаміў актывісту, што ягоная скарга пакінутая без руху, паколькі той некарэктна акрэсліў свае патрабаванні (напрыклад прасіў «адмяніць рашэнні» замест «прызнаць адказы дзяржорганаў не адпаведнымі заканадаўству»), не пазначыў матывы скаргі і абставіны, а таксама не распісаў, якія канкрэтна правы былі парушаныя. Паўлоўскаму было прапанавана дапрацаваць скаргу.
4 снежня Аляксей падаў ўдакладненне, у якім зноў прасіў суд адмяніць рашэнні выканкамаў і запатрабаваць ад іх абгрунтаваны і матываваны адказ.
– Тое, што ўлады лічаць усталяванне кампазіцыі «немэтазгоднай» – не адказ, – упэўнены Паўлоўскі.
Паўлоўскі пры гэтым не змяніў свае патрабаванні, выкладзеныя у першапачатковай скарзе. З-за гэтага старшыня суда Ленінскага раёна Галіна Кужалява вярнула яе без разгляду.