Дзіўная гісторыя Віталя Макаранкі.

Роўна чатыры месяцы таму Віталь Макаранка тэрмінова пакінуў тэрыторыю Беларусі. Гэта адбылося пасля таго, як ён даведаўся, што разам з Юрыем Зянковічам, Аляксандрам Фядутай і Рыгорам Кастусёвым з’яўляецца фігурантам крымінальнай справы аб “змове”. КДБ лічыць, што яны рыхтавалі фізычную ліквідацыю Аляксандра Лукашэнкі.

30 красавіка КДБ паведаміў, што Аляксандр Фядута, Юрась Зянковіч, Рыгор Кастусёў, Вольга Галубовіч, Зміцер Шчыгельскі, Аляксандр Перапечка, Павел Кулажанка, Віталь Макаранка і Ігар Макар абвінавачваюцца ў змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады (ч. 1 арт. 357 КК). Фядута, Зянковіч, Кастусёў і Галубовіч ўжо некалькі месяцаў знаходзяцца ў СІЗА КДБ, да астатніх Генпракуратура завочна ўжыла меру стрымання ў выглядзе заключэння пад варту.

MSPRING.MEDIA вырашыў пацікавіцца, як ідзе следства.

Віталь Макаранка знаходзіцца ў Львове ўжо пяты месяц. І за гэты час, адзначае ён, ніякіх дзеянняў ні Следчы камітэт Беларусі, ні КДБ, ні якая-небудзь іншая сілавая структура не рабілі. Няма нават намёку на следчыя дзеянні.

Калі КДБ Беларусі заявіў, што ў якасці абвінавачаных па крымінальнай справе “аб змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады” праходзіць дзевяць чалавек, а адзін з іх як раз сябра Сойму Партыі БНФ Віталь Макаранка, ён адразу ж назваў выстаўленыя абвінавачанні “маразмам”. Сёння, адзначае Віталь, яму да сказанага дадаць няма чаго: “Гэта сапраўды маразм і дзічына“.

Па прыездзе ў Украіну, ён адразу ж звярнуўся ў Дзяржаўную міграцыйную службу з просьбай аб прадастаўленні яму статусу бежанца або дадатковай міжнароднай абароны, каб пазбегнуць магчымай экстрадыцыі па запыце КДБ, які быў накіраваны яшчэ вясной.

Аднак па афіцыйным статусе бежанца зрухаў пакуль няма, кажа Віталь Макаранка. Заява разглядаецца шэсць месяцаў, і на працягу гэтага часу, як мінімум, Украіна не мае права перадаваць пра яго інфармацыю беларускаму боку. Пакуль Віталь і яго сям’я знаходзяцца ў рэжыме трывожнага чакання.

Прашэнне аб прытулку, у сваю чаргу, нясе некаторыя нязручнасці. Згодна заканадаўства, у просьбіта адбіраецца пашпарт, а нявызначаны прававы статус не дае магчымасці для легальнага працаўладкавання.

І на гэтым фоне 51-гадовы палітык яшчэ і перажыў абвастрэнне хваробы – плячыва-лапаткавага перыартрыта (пастаянныя ныючыя болі ў плячах, якія суправаджаюцца абмежаваннем рухомасці рук). Сімптомы гэтай хваробы добра вядомыя тым, хто доўгі час знаходзіўся ў кайданках, зашчэпленых за спіной.

У верасні 2020 года Віталь Макаранка фатаграфаваў аўтазакі і ваенныя машыны, якія перасоўваліся па Магілёву. За гэта ён быў затрыманы міліцыяй і правёў некалькі гадзін у іх службовым аўтобусе. Яму звязалі рукі за спіной капронавай сцяжкай і запатрабавалі разблакаваць тэлефон. За адмову – перыядычна заломлівалі рукі ўверх, прычыняючы моцны боль. Такое катаванне працягвалася больш за гадзіну. Як вынік, Віталь Макаранка дагэтуль вымушаны наведваць рэабілітолага.

Чым жа займаецца зараз палітуцякач? Ужо другі месяц экс-магілёвец каардынуе працу школы беларускай мовы (заняткі праводзяцца бясплатна) для беларускай дыяспары. Прадаставіла памяшканне і абсталяванне для школы грамадская арганізацыя “Пласт” (ўкраінскія скаўты), таксама да яе станаўлення прыклаў руку Беларускі крызісны цэнтр у Львове. Разам з Віталём Макаранкам моўныя курсы вядзе кіраўнік “Таварыства беларускай школы” Алесь Лозка.

Акрамя таго, Віталь Макаранка рэгулярна ўдзельнічае з калегамі марафоне лістоў палітвязняў.

Палітычная ж барацьба Віталя Макаранка знайшла выйсце ў акцыі ў падтрымку беларускай дэмакратычнай супольнасці.