Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь пахваліўся, што дзякуючы яму раскрылі забойства ў Магілёўскай вобласці. Тлумачым, што ў словах Аляксандра Рыгоравіча было незаконнага.

1 лютага. Магілёў. Ігар Лазоўскі. Фота – The Interpreter


Аляксандр Лукашэнка 1 лютага сустрэўся са старшынёй Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Андрэем Шведам. На сустрэчы прэзідэнт распавёў перад журналістамі, як з яго дапамогай было расследавана забойства, здзейсненае ў Магілёўскай вобласці некалькі гадоў таму:

Да мяне звярнуліся простыя людзі – бацька забітай дачкі. Прыйшоў і кажа: Аляксандр Рыгоравіч, ну не можа быць, каб было так, як суд прыняў рашэнне, і так, як следства праводзіла. Зваротаў такіх шмат “. Я папрасіў яго даслаць ўсе матэрыялы, якія ў яго на руках. Ён мне даслаў. Я сеў і сам за суткі вывучыў яго. І даў каманду пракурору і старшыні КДБ чаго б ні каштавала расследаваць гэтую крымінальную справу. Паганца знайшлі ў Расіі, прывезлі ў Мінск, распачалі зноў крымінальную справу, пачалі расследаваць. Пры тым я кантраляваў увесь гэты працэс. І аказалася, што ён – забойца. А яго фактычна апраўдалі, – распаўсюдзіла словы Лукашэнкі БелТА .

Праваабаронца Барыс Бухель раіць прэзідэнту перакваліфікавацца ў следчыя:

Розуму неспасціжна, каб кіраўнік дзяржавы займаўся, увага, цэлыя суткі тым, чым можа займацца адразу некалькі сілавых структур, ад Следчага камітэта да пракуратуры. Адной фразай Аляксандр Рыгоравіч проста дэкласаваў сістэму расследаванняў злачынстваў у краіне, – лічыць Бухель.

Барыс Бухель

Статус прэзідэнта дазваляе Лукашэнку ініцыяваць новы крымінальны працэс. Але і толькі:

– Гэта значыць яго словы «даў каманду пракурору і старшыні КДБ» яшчэ можна апраўдаць. А вось тое, што ён кантраляваў працэс, выклікае пытанні. Згодна з крымінальна-працэсуальным кодэксам Рэспублікі Беларусь, ніхто не ў праве ўмешвацца ў працу следчага або ціснуць на яго. Як вы думаеце, кантроль з боку прэзідэнта, які незадаволены апраўдальным прысудам, можна разглядаць як ціск? – дзівіцца праваабаронца.

Пытанні таксама выклікае фраза Лукашэнкі аб дастаўцы абвінавачанага ў Беларусь:

Магчыма, прэзідэнт проста абмовіўся ці журналісты не так перадалі яго словы. Але зьвярніце ўвагу“паганца знайшлі ў Расіі, прывезлі ў Мінск і толькі ПОТЫМ распачалі крымінальную справу, што з’яўляецца безумоўнай парушэннем, – звярнуў увагу Барыс Бухель.

Наступную фразу, якую сказаў прэзідэнт, праваабаронца назваў нон-сэнсам.

– У матэрыяле БелТА Лукашэнку спачатку называе чалавека забойцам, які сам ва ўсім прызнаўся. А потым, крыху ніжэй у тэксце, ужо на сустрэчы са старшынёй КДБ Вакульчыкам, Лукашэнка сказаў, што «справа па Магілёве знаходзіцца сёння ў судзе». Дык калі яна ў судзе, якое права прэзідэнт мае права называць чалавека забойцам? Гэта прамы ціск на суд, прамое парушэнне крымінальнага кодэксу, – абураецца Бухель.

Ён лічыць, што ў спробе пахваліцца прэзідэнт нанёс шкоду ўсёй судовай і следчай сістэме:

– Як вы думаеце, як будуць разглядаць пасля такіх вось інтэрв’ю крымінальныя справы? Калі прэзідэнт абяцае «адкапаць тых, хто вёў і выносіў апраўдальны прысуд»? Будуць рабіць усё, каб даказаць віну, хоць следчы таксама абавязаны шукаць факты і невінаватасці абвінавачанага. Ну а суды, якія сёння выносяць мізэрную колькасць апраўдальных прысудаў, будуць прызнаваць віну ўсіх і ўся .Прававая дзяржава ў дзеянні, – з іроніяй прыкмячае праваабаронца.