Аляксандр Хамратаў паспрабаваў высветліць у дзяржорганах, наколькі адпавядае праўдзе інфармацыя аб тым, што Аляксандр Лукашэнка праходзіў лячэнне ў ААЭ.
27 лістапада. Магілёў. Ігар Лазоўскі
Цікавасць да здароўя прэзідэнта наўпрост тычыцца дзяржаўных інтарэсаў. Згодна з артыкулам 11 закона «Аб прэзідэнце Рэспублікі Беларусь», Аляксандр Лукашэнка можа быць «датэрмінова вызвалены ад пасады пры стойкай няздольнасці па стане здароўя ажыццяўляць абавязкі прэзідэнта».
Магілёўскі актывіст Аляксандр Хамратаў адрэагаваў на шматлікія паведамленні СМІ аб тым, што беларускі прэзідэнт займеў вялікія праблемы са здароўем і праходзіў лячэнне ў Аб’яднаных Арабскіх Эміратах. Таксама ён паспрабаваў даведацца, навошта з Лукашэнкам у ААЭ адправіўся яго малодшы сын Мікалай – ці было гэта «справай дзяржаўнай важнасці». З гэтай мэтай ён звярнуўся ў Адміністрацыю прэзідэнта, дзе яму адказалі, што пра здароўе беларускага прэзідэнта ўсю інфармацыю можна знайсці ў СМІ.
Хамратаў папрасіў канкрэтызаваць, якія ж мэдыі пішуць пра здароўе Лукашэнкі, але кіраўнік упраўлення па працы са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб Адміністрацыі прэзідэнта Рыгор Шлык параіў Хамратаву звярнуцца ў Міністэрства інфармацыі, а менавіта – да дзяржрэестра СМІ:
– [Вы можаце звярнуцца туды] па пытаннях, якія вас цікавяць, канкрэтызаваўшы звесткі, якія вам бы хацелася атрымаць, – напісаў Шлык магілёўскаму актывісту.
На працягу доўгага часу здароўе Аляксандра Лукашэнкі з’яўляецца фактычна таямніцай для беларускага грамадства, калі не лічыць адзінкавыя інфанагоды ў СМІ. Самая гучная гісторыя здарылася пасля прэзідэнцкіх выбараў 2016 года – тады ананімныя крыніцы нібыта паведамілі аб інсульце ў Аляксандра Лукашэнкі. Зрэшты, прэс-служба прэзідэнта паспяшалася заявіць, што гэтая інфармацыя – ілжывая.