Феерычнае фіяска магілёўскай міліцыі: назвалі чалавека чужым імем і прымусілі яго распісацца ў чужой позве ВІДЭА

Саша Буракоў некалькі разоў паўтарыў, што ён – ня Міхаіл Аршынскі, але супрацоўніка Ленінскага РАУС было не пераканаць.

19 верасня. Магілёў. Ігар Лазоўскі

Увага! Пры перадрукоўцы гэтага матэрыяла іншымі СМІ, пазначэнне mspring.online як крыніцы з гіперспасылкай на арыгінал ў першым абзацы абавязковае!


Інцыдэнт здарыўся адразу пасля заканчэння судовага працэсу па справе «Вечернего Магілёва» 18 верасня. Калі праваабаронца і журналіст «Магілёўскай вясны» Саша Буракоў выходзіў з залы суда, яго спыніў супрацоўнік аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Ленінскага РАУС Яўген Пугін.
Ён назваў Сашу “Міхаілам Уладзіміравічам” і запатрабаваў, каб ён распісаўся у позве на імя Міхаіла Аршынскага:

– Я спачатку не зразумеў, чаму ён гаворыць на мяне «Міхаіл Уладзіміравіч». Падумаў, што ён сам так прадстаўляецца і перапытаў яго пра гэта. А ён на мяне глядзіць і кажа, што Міхаіл Уладзіміравіч – гэта я. Я яму сказаў, што мяне клічуць Аляксандр Сяргеевіч і ўжо пайшоў далей, але ён яшчэ раз мяне спыніў і цвёрда заявіў, што на самой справе мяне завуць Міхаіл Уладзіміравіч Аршынскі. Атрымалася нейкая постмадэрновая размова, – распавёў пра інцыдэнт Буракоў.

Паводле яго слоў, ён яшчэ пару разоў паспрабаваў пераканаць міліцыянта, што той памыліўся, але таварыш Пугін быў непахісны. Тады Буракоў пагадзіўся распісацца ў атрыманні позвы, але сваім імем і прозвішчам:

– Перад тым, як распісацца, я спытаў у Пугина, ці нармалёва, што мяне клічуць па-іншаму. Толькі ў гэты момант да яго нешта дайшло, мабыць, але позву ён не забраў. Больш за тое, ён даў мне распісацца, а потым яшчэ і ўручыў мне, Аляксандру Сяргеевічу, копію позвы на імя Міхаіла Уладзіміравіча.

Гэтая частка патрапіла на відэа, якое зняў адзін з наведвальнікаў суда Аляксандр Хамратаў.

Буракоў дапускае, што, магчыма, прычынай інцыдэнту стала «вострая разумовая недастатковасць» супрацоўніка міліцыі.

– Парадокс у тым, што ўсё адбывалася ў будынку суда, дзе існуе прапускная сістэма. Міліцыянт спакойна мог спытаць пашпарт або іншае пасведчанне асобы, але да гэтага нават не дадумаўся, – сказаў праваабаронца.

У самой позве на імя Міхаіла Уладзіміравіча Аршынскага пазначана, што той павінен быў з’явіцца ў будынак Бялыніцкага РАУС 19 верасьня як асоба, у адносінах да якой вядзецца адміністрацыйны працэс. Буракоў замест Аршынскага вырашыў не ехаць:

– Я думаю, што за гадзіны дзве размовы там бы ўсё ж такі здагадаліся, што я не Міхаіл Уладзіміравіч, таму вырашыў не марнаваць час дарма, – сказаў Саша.