За леташнюю акцыю пратэсту беларускі суд прысудзіў яму 15 сутак арышту.
29 чэрвеня. Магілёў. Алесь Святліцкі
Член БСДП (Грамада) Дзмітрый Люнтаў быў аднім з лідэраў «Марша недармаедаў», які адбыўся 15 сакавіка 2017 года. З-за нейтралізацыі іншых арганізатараў, менавіта ён мадэраваў акцыю пратэсту, якая скончылася праходам некалькіх сотняў чалавек па цэнтральнай пешаходнай вуліцы Магілёва.
Ужо пасля акцыі міліцыя пачала хапаць найбольш актыўных удзельнікаў мітынгу. Люнтава затрымалі супрацоўнікі АМАП, забраўшы ў яго гучнагаварыцель.
На наступны дзень суд Ленінскага раёна прысудзіў актывісту максімальнае пакаранне – арышт 15 сутак.
Пасля выхаду з ізалятара часовага ўтрымання Люнтаў абскардзіў рашэнне раённай суддзі ў абласным судзе, аднак поспеху не дамогся.
Наступны этап – камітэт па правах чалавека ААН. Пры дапамозе праваабаронцы Барыса Бухеля актывіст падрыхтаваў скаргу, у якой пазначыў парушэнне міжнароднага заканадаўства беларускімі ўладамі.
«Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека абвяшчае права кожнага чалавека на свабоду перакананняў і на іх свабоднае выказванне, а таксама права кожнага на свабоду правядзення мірных сходаў (артыкулы 19, 20). Міліцыя і суды абедзвюх інстанцыяў, прыцягваючы мяне да адміністрацыйнай адказнасці, праігнаравалі міжнародныя абавязацельствы Беларусі», -пазначылі ў скарзе Люнтаў і Бухель.
За апошнія сем месяцаў з Магілёва ў Камітэт па правах чалавека ААН накіраваныя ўжо больш за дзесятак скаргаў. Усе яны тычацца парушэння права на свабоду мірных сходаў.