У Магілёве васьмікласнікаў кадэцкага вучылішча адправілі на вайсковыя зборы з нарматывамі па хімічнай абароне.
Абавязковыя дзесяцідзённыя вучэбна-палявыя зборы з гэтага года ўведзеныя для 10-х класаў сярэдніх школ, і навучэнцы Магілёўскага абласнога кадэцкага вучылішча для гэтых мэтаў выехалі ў Барысаў, у размяшчэнне 310-й гвардзейскай групы артылерыі, куды сабралі навучэнцаў усіх кадэцкіх устаноў Беларусі і Мінскага сувораўскага вучылішча. Там падлеткі, у адрозненне ад звычайных школ, жывуць у казармах паводле сапраўднага распарадку вайсковай службы.
Але ў Магілёве гэтым не абмежаваліся і адправілі васьмікласнікаў — дзяцей ва ўзросце 14 гадоў — на ваенна-палявыя зборы тэрмінам на пяць дзён на базе 188-й гвардзейскай інжынернай брыгады ў вёсцы Пашкава. Мэтай было названа «пагружэнне кадэтаў у атмасферу рэальнай армейскай службы».

Для дзяцей былі арганізаваныя стральбы з аўтамата Калашнікава АК-74 у поўнай баявой амуніцыі, а таксама іх прымусілі здаваць нарматывы па надзяванні сродкаў радыяцыйнай, хімічнай і біялагічнай абароны (РХБА) і вывучыць алгарытмы дзеянняў ва ўмовах прымянення зброі масавага паражэння. Падлеткі фактычна беглі крос у сродках РХБА.
Нагадаем, мілітарысцкая прапаганда з пункту гледжання правоў чалавека адносіцца да злачынстваў супраць дзяцінства і парушае палажэнні Канвенцыі ААН аб правах дзіцяці. Удзел школьнікаў у ваенных спаборніцтвах прыводзіць да зменаў у псіхіцы. Армія — гэта жорсткая іерархічная сістэма, якая выхоўвае дысфункцыянальныя рысы асобы.