Праграміст Аляксандр Лыкшын запусціў праект, дзякуючы якому вы можаце адправіць ліст вязню праз Інтэрнэт.

19 снежня. Магілёў. Ігар Лазоўскі


У Беларусі стартаваў новы праект для адпраўкі лістоў і паштовак ў папраўчыя ўстановы письмо.бел. Заснавальнікам праекта з’яўляецца праграміст Аляксандр Лыкшын з ТАА «Регионыбай Груп». Паводле яго слоў, ён «сам меў патрэбу ў такім сэрвісе, у першую чаргу для эканоміі часу».

«Не сакрэт, што ў многіх выпадках, тое, за што ў нашай краіне людзі атрымліваюць не жартоўныя тэрміны, у цывілізаваных краінах злачынствам не з’яўляецца, або абмяжоўваецца адміністрацыйным пакараннем. Вельмі важна падтрымліваць сваіх знаёмых, якія апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі і дапамагаць ім захаваць сацыяльныя сувязі », – пазначана на сайце праекта.

Праз письмо.бел можна адпраўляць паштоўкі (шаблоны ўжо ўбудаваныя на сайт), фатаграфіі і тэксты. Для гэтага патрэбна аўтарызацыя праз адрас электроннай пошты ці акаўнту у сацыяльнай сетцы. У форму для тэкставай старонкі ўлазіць 6 лістоў фармату А4. На старонку з выявамі можна загрузіць да 15 малюнкаў, якія будуць аўтаматычна размеркаваны па старонцы і раздрукаваныя на каляровым прынтары.

Што зручна – у базу сайта ўжо «ўбітыя» турмы і калоніі, таму не трэба напружвацца з пошукам кантактаў. Дастаткова прозвішча, імя і імя па-бацьку таго чалавека, якому вы адпраўляеце ліст. Можна таксама пазначыць дату нараджэння і атрад, у якім ён знаходзіцца.

Сэрвіс з’яўляецца платным – адпраўка аднаго ліста каштуе 2,5 рублі.

Цяпер яшчэ прасцей падтрымліваць палітычных зняволеных у Беларусі. Напрыклад, можна адправіць ліст падтрымкі Міхаілу Жамчужнаму ў папраўчую калонію №9 г. Горкі.

Яго дадзеныя – Жамчужны Міхаіл Ігаравіч, дата нараджэння – 14.08.1955, ПК-9, вул. Дабралюбава 16, г. Горкі, 213410