Яна пройдзе ўвечары 26 траўня на стадыёне па вул. Чалюскінцаў. Гэта першая дазволеная акцыя грамадскага характару за 7 год.

24 траўня. Магілёў. Алесь Святліцкі


Гарадскія ўлады ўзгаднілі правядзенне масавага мерапрыемства ў адзіным дазволеным для гэтага месцы – на стадыёне побач з забаўляльным комплексам «Рэнесанс» (прыпынак транспарту «ААТ «Стужка»). З міліцыяй, камунальнікамі і «хуткай дапамогай» дамовы ўжо падпісаныя.

Арганізатарамі выступілі магілёўскія праваабаронцы і валанцёры. Пройдзе «Манстрацыя» 26 траўня з 17 да 18 гадзін вечара ў выглядзе пікету. Удзел прымуць каля 10 чалавек.

Ідэальны варыянт – вялізны натоўп людзей з плакатамі, якія ідуць па цэнтральнай вуліцы з пацешнымі плакатамі. Але ў нас няма грошай на міліцыю для сотняў людзей, таму вырашылі правесці малым, але вартым складам. Акрамя таго, мы выбралі фармат пікету, а не дэманстрацыі. Звязана гэта з тым, што лепш гадзіну пастаяць з плакатамі, чым за дзесяць хвілін прайсці тую стомятроўку ад рытуальнага агенцтва, якую ўлады абазначылі як адзіна дазволеную для шэсцяў, – распавёў адзін з арганізатараў Аляксандр Буракоў.

Паводле яго слоў, праваабаронцы пазначылі ў заяўцы, што асноўнай мэтай правядзення «Манстрацыі» будзе “выражэнне змешаных пачуццяў аб свабодзе мірных сходаў у Беларусі”, што дае ўдзельнікам прастору для творчасці ў вырабе плакатаў.

Шкада толькі, што мы вымушаны адмовіць усім жадаючым прыняць у ёй удзел, паколькі заяўленая колькасць чалавек – 10, і за гэтыя рамкі мы не павінны выходзіць. Але калі вы хочаце дакрануцца да нашых манстрычаскіх рэаліяў, то выйсце ёсць, – паведаміў Буракоў.

Праваабаронцы прапануюць магілёўцам даслаць свае ідэі з лозунгамі для «Манстрацыі», якія арганізатары і валанцёры «Магілёўскай вясны» нанясуць на плакаты і пакажуць падчас пікету. Зрабіць гэта можна на паштовы адрас mspring.online@gmail.com або ў сацыяльных сетках, напісаўшы ў «Вконтакте» або Facebook.

Гэта першае за 7 гадоў дазволенае масавае мерапрыемства ў Магілеве грамадзянскага ці палітычнага характару. Апошнім быў “Славянскі марш” у лістападзе 2012 году.