Апазіцыя абскардзіла ў судзе неўключэнне сваіх прадстаўнікоў у выбаркамы Магілёўскай вобласці. Усім адмовілі

Абласны суд так і не зразумеў, навошта трэба было ўключаць членаў «Руху за Свабоду» і АГП у выбарчыя камісіі.

9 верасня. Магілёў. Ігар Лазоўскі


На працэсе 9 верасня суддзя Любоў Халадцова прызнала правату прэзідыумаў Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў і Магілёўскага аблвыканкама, якія не ўключылі ніводнага з 14 прадстаўнікоў «Руху за Свабоду» ў склад акруговых і абласной выбарчых камісій (АВК) рэгіёну.

На думку кіраўніцтва апазіцыйнай арганізацыі, падобнае рашэнне магілёўскіх уладаў «парушае правы« Руху за Свабоду» і з’яўляецца неабгрунтаваным». Давесці гэтую думку да суддзі асабіста было няма каму – прадстаўнікі «Руху» на паседжанне не зьявіліся.

Інтарэсы ўладаў прадстаўляў начальнік упраўлення арганізацыйнай работы Магілёўскага аблвыканкама Аляксей Лаўрыненак. Ён заявіў, што скарга грамадскага аб’яднання задавальненню не падлягае, паколькі фарміраванне камісій адбывалася ў адпаведнасці з законам. Яго падтрымала пракурор Алёна Шуплянкова.

Суддзя выслухаўшы пазіцыю ўладаў, пастанавіла ў скарзе «Руху за Свабоду» адмовіць:

– Суд не мае права абмяркоўваць пытанні аб перавагах аднаго кандыдата ў склад камісіі перад другім, паколькі гэта не ўваходзіць у кампетэнцыю суда, – пазначыла ў сваім рашэнні Халадцова.

Суддзя Юлія Трапыніна, якая разглядала скаргу Аб’яднанай грамадзянскай партыі на неўключэнне ў склад камісій 5 сваіх членаў, таксама прызнала рашэнне абласных уладаў па фарміраванні выбаркамаў законным.

Старшыня абласной арганізацыі АГП Уладзімір Шанцаў на судзе заявіў, што яго партыя збіраецца вылучаць мноства кандыдатаў па Магілёўскай вобласці і хаця б таму яго калег варта было б дапусціць у склад АВК:

– Лагічна, калі ў складзе камісій, якія арганізуюць і кантралююць ход выбараў, будуць прадстаўнікі палітычных сілаў, якія прымаюць непасрэдны ўдзел у выбарчым працэсе.

Яму апанавала намесніца кіраўніка адміністрацыі Ленінскага раёна Ірына Раінчык, якая заявіла, што фарміраванне ўсіх выбаркамаў прайшло ў адпаведнасці з законам.

Суддзя Трапыніна падтрымала чыноўніцу, выказаўшы думку, што нароўні з прадстаўнікамі АГП у склад выбарчых камісій не ўвайшлі прадстаўнікі і іншых партый і аб’яднанняў.