Самы вядомы беларускі дысідэнт распавёў, чым адрозніваюцца парушэнні правоў чалавека ў Беларусі, СССР і Расеі

Міхась Кукабака пра адрозненні тады і зараз.

14 чэрвеня. Масква. Міхась Кукабака. Фота – Уладзімір Сапагоў, vytoki.net. Дысідэнт Міхась Кукабака выступае на мітынгу “Дзяды”, 1990 год.

Увага! Пры перадрукоўцы гэтага матэрыяла іншымі СМІ, пазначэнне mspring.online як крыніцы з гіперспасылкай на арыгінал ў першым абзацы абавязковае!


Магілёўскі часопіс аб правах чалавека MSPRING.ONLINE звярнуўся да вядомага беларускага дысідэнта, які цяпер пражывае ў Маскве, з просьбай пракамэнтаваць ініцыятыву ўладаў спаганяць грошы за ахову вулічных акцый. Ці не вяртаецца Беларусь у савецкія часы, калі любое іншадумства жорстка каралася?

Нагадаем, абноўлены закон аб масавых мерапрыемствах рэзка павысіў стаўкі аплаты за паслугі дзяржслужбаў. Пастановай Саўміна ўведзена плата па адзіным тарыфе. Чакалася, што збор грамадзян да дзесяці чалавек будзе каштаваць для яго арганізатараў тры базавыя велічыні або 76,5 беларускіх рублёў. Але ўсё аказалася яшчэ горш.

За “Манстрацыю”, праведзеную ў Магілёве 26 траўня, валанцёры «Магілёўскай Вясны» змушаныя былі заплаціць 141 рубель 50 кап. Аказалася, што 76,5 рублёў стаяць толькі паслугі міліцыі. Звыш таго яшчэ трэба было заплаціць 43 рублі медыкам хуткай дапамогі і 22 рублі за ўборку тэрыторыі дарожна-маставым прадпрыемствам. Усяго за акцыю на закінутым стадыёне, дзе шэсць чалавек даводзілі, што адбываецца ў краіне, да гратэску, давялося заплаціць па цяперашнім курсе 68 долараў ЗША.

Публікуем развагі Міхася Кукабакі

Што тычыцца рашэння Урада Беларусі па аплаце выдаткаў на міліцыю, медыкаў і прыбіральшчыкаў пры грамадзянскіх акцыях. Фармальна прэзідэнт нібыта мае рацыю, ён зыходзіць з таго, што гэтыя службы прызначаныя для руціннай працы: міліцыя ловіць злачынцаў і прадухіляе правапарушэння, камунальныя службы і лекары занятыя сваёй працай. Усякія грамадскія мерапрыемствы выходзяць за межы іх прамых абавязкаў і кладуцца дадатковым цяжарам на бюджэт.

У адказ на крытыку, як з боку сваіх, так і еўрапейскіх праваабаронцаў, Аляксандр Лукашэнка можа спаслацца на тэлехроніку з-за мяжы. А там пераканаўчыя кадры, як натоўпы дэманстрантаў падпальваюць дзясяткі (і сотні) аўто, б’юць вітрыны устаноў і крамаў, рабуюць іх.

Аляксандр Лукашэнка не хоча ісці па такім сцэнары. І тут справа не толькі ў нежаданні страціць асабістую ўладу. Пытанне можа стаяць пра страту дзяржаўнасці. А такая боязь рэальныя, улічваючы неабароненасць Беларусі перад усходнім суседам, з яго імперскімі амбіцыямі.

Значыць, трэба неяк дамаўляцца. Калі выдаткі, прызначаныя ўладай, здаюцца залішнімі, то пытанне да эканамістаў. Варта падлічыць: у колькі абыйдзецца аплата працы, калі наняць некалькі чалавек з прыватнага абароннага прадрыемства для аховы парадку і запрасіць медыкаў з прыбіральшчыкамі. Ці ж гарантаваць ахову і парадак уласнымі сіламі.

Свае прапановы можна перадаць ураду праз дэпутатаў і іншых прадстаўнікоў грамадскасці. Увогуле, патрэбны нейкі дыялог з уладай. Баюся, што задача ў бліжэйшы час для апазіцыі цяжкавырашальная. Праблема ў тым, што апазіцыя не мае зваротнай сувязі з кіраўніцтвам краіны.

Бясспрэчна, Аляксандр Лукашэнка аднаасобна кіруе дзяржавай. Як былы гаспадарнік, ён стваральнік па псіхалогіі. У адрозненне ад паводзінаў Уладзіміра Пуціна – былога шпіёна, які звыкся рабіць толькі поскудзі, як «сваім», так і чужым. Маё пакаленне, амаль з пялёнак выхоўвалі ў нянавісці да Еўропы і ЗША. І не кожнаму лёгка пераадолець гэта замбіяванне.

Не пазбег такога прамывання мазгоў і Лукашэнка. Тым больш, займаючы кіруючыя пасады. У момант абрання прэзыдэнтам у 1994 годзе ён быў, што называецца, да мозгу касцей савецкім чалавекам, як і большасць суграмадзян. Таму і перамог лёгка Пазняка, бо адказваў запытам сярэдняга беларуса. І натуральна, што Еўропу і ЗША ён разглядаў, як сваіх ворагаў.

АБ ВЯРТАННІ Ў «САВОК»

Развагі пра нібыта вяртанне Беларусі ў «савок» сыходзяць ад людзей дрэнна знаёмых з нядаўняй гісторыяй краіны, альбо нядобрасумленных. У СССР было прыгоннае права (па сучаснай лексіцы – фашызм). Да 1956 года чалавек быў уласнасцю прадпрыемства, дзе працаваў, а ў вёсцы – калгасу. І там, і там нельга было па сваім жаданні звальняцца. Хрушчоў адмяніў гэтую практыку, і правы прыгонных пашырыў. На ўсю краіну, у СССР была толькі адна пляцоўка, дзе ўлада груба не разганяла дэманстрантаў адзін раз на год. Гэта адбывалася ў скверы з помнікам Пушкіну ў цэнтры Масквы, у Дзень савецкай Канстытуцыі – 5 снежня.

Спашлюся на асабісты вопыт. У лістападзе 1976 гады мяне арыштавалі, заключылі ў Магілёўскую псіхлякарню і адначасова звольнілі з працы. Аднак, калі паўстала пагроза, што мой выпадак можа быць уключаны ў парадак з’езда Сусветнай псіхіятрычнай асацыяцыі, які праходзіў у Лондане, праз месяц вызвалілі. Я тут жа з’ехаў у Маскву, каб перадаць на радыё «Свабода» свой зварот да Старшыні КДБ Андропава. І так супала, што 5 снежня разам з генералам Пятром Грыгарэнкам і іншымі аднадумцамі мы адправіліся ў цэнтр Масквы.

Міхась Кукабака, 2016 г. – spring96.org

Сутнасць дэманстрацыі: роўна ў 18 гадзін людзі здымалі галаўныя ўборы і моўчкі стаялі 5 хвілін. Туды прыходзілі замежныя журналісты, а яшчэ больш агентаў КДБ у цывільным. Журналістаў штурхалі, перашкаджалі здымаць. Нас жа абражалі, закідвалі снежкамі і чым папала. Там жа ўпершыню ўбачыў і акадэміка Сахарава. Як мне пазней распавядалі, КДБ увёў у практыку да 5-га сьнежня затрымліваць дысідэнтаў па надуманых падставах на выхадзе з кватэр. Падобная «ліберальнасць» была толькі ў Маскве, збольшага ў Мінску і магчыма ў Прыбалтыцы.

У той час я быў сяброўны з палкоўнікам-авіятарам Львом Аўсішчэрам, ветэранам вайны і лідэрам сіянісцкага руху ў Беларусі. Калі ён купляў квіток у Маскву па сваіх справах, яго затрымлівалі на вакзале і не выпускалі да адыходу цягніка. У правінцыі наогул не цырымоніліся. За чытанне не падцэнзурнай літаратуры саджалі на 3 гады ў лагер. За артыкул уласнага сачынення – санкцыя да 7-мі гадоў лагера або псіхушка. Толькі Гарбачоў цалкам адмяніў прыгонную залежнасць людзей ад дзяржавы. Зняў забарону на выезд і адмяніў цэнзуру на ўсе віды інфармацыі як унутры краіны, так і замежную.

За выключэннем сярэднеазіяцкіх рэспублік і Расіі, гэтыя свабоды захоўваюцца паўсюдна. Кіраўнік «апошняй дыктатуры ў Еўропе», палкоўнік КДБ Пуцін вядзе актыўны наступ на свабоду інфармацыі ў Расіі. Натуральна ён зацікаўлены, каб і Беларусь накіроўвалася ягонай палітыкай.
І, тым не менш, параўноўваць сённяшнюю Беларусь з БССР і з цяперашняй Расіяй – непрымальна ва ўсіх адносінах. Датычыць гэта знешняй палітыкі, якая праводзіцца Аляксандрам Лукашэнкам, або ўнутранай – параўнанне не на карысць Расіі. Бясспрэчна, у любоўных, у сваёй ілжывай прапагандысцкай выдасканаленасці Пуцін значна пераўзыходзіць Аляксандра Лукашэнкі. Але ж прэзідэнт Беларусі не вучыўся ў Лубянскай школе? Не займаўся ён шпіянажам і іншымі спецаперацыямі ў Германіі і іншых краінах.
 
Міхась Кукабака. Масква, 12 чэрвеня 2019 г.