Актывіст Станіслаў Паўлінковіч адразу па выхадзе з Ленінскага РАУС распавёў, што супраць яго рыхтуецца крымінальная справа за распаўсюд парнаграфіі.
7 сакавіка. Магілёў. Алесь Святлицкий
У актывіста Беларускага нацыянальнага кангрэса Станіслава Паўлінковіча днём 7 сакавіка прайшоў ператрус, у выніку чаго ў яго канфіскавалі кампутарную тэхніку, а яго самога завезлі ў Ленінскі РАУС для дачы паказанняў. Адразу пасля выхаду адтуль з ім звязаўся карэспандэнт mspring.online і распытаў падрабязнасці таго, што адбылося:
– Усё пачалося яшчэ тыдні два таму. Патэлефанавалі з РАУС і запрасілі на размову з-за таго, што на маёй старонцы ў сацсетцы выявілі запіс, у якой я заклікаю ўсіх на несанкцыянаванае масавае мерапрыемства 17 лютага – “Марш раззлаваных беларусаў”. Я тады ісці адмовіўся, заявіў, каб даслалі позву. На гэтым мы скончылі размову і ад міліцыі не было ніякіх напамінкаў аж да сённяшняга дня, – распавёў Паўлінковіч.
Паводле яго слоў, раніцай 7 сакавіка яму патэлефанавалі з аддзялення наркакантролю і сказалі, што ў дачыненні да яго праводзіцца праверка па справе аб распаўсюдзе парнаграфіі. Праз некаторы час у кватэру да яго і ягоных бацькоў прыбылі супрацоўнікі органаў унутраных спраў з санкцыяй пракурора, якая дазваляла ператрус.
– У выніку яны канфіскавалі для праверкі сістэмны блок, манітор і іншую тэхніку, а мяне павезлі ў райаддзел для дачы паказанняў. Там я даведаўся, што знаходжуся ў статусе падазраванага па справе аб распаўсюдзе парнаграфіі. Нібыта, я размясціў шэсць год таму відэа парнаграфічнага зместу на сваёй старонцы ў сацсетцы. Аднак ніякіх доказаў, акрамя скрыншота, на якім незразумела што ёсць што, няма. Больш за тое, на падставе гэтага скрыншота шасцігадовай даўнасці яны і хочуць завесці крымінальную справу. Праверка па справе пачата 17 лютага – якраз у дзень Марша, – сказаў актывіст.
Ён лічыць, што магчымая крымінальная справа – гэта пераслед за палітычную і грамадскую дзейнасць:
– На жаль, такія метады ўладаў. Я ніколі ў жыцці ніякія порнавідэа ў сябе не размяшчаў і не загружаў. Ніякіх канкрэтных доказаў мне не прадставілі. Цяпер буду чакаць і глядзець, чым скончыцца справа. Пасля праверкі яе накіруюць у Следчы камітэт і там ужо будзе прымацца рашэнне аб ўзбуджэнні.
За апошні год гэта ўжо другі раз, калі органы ўнутраных спраў прэсуюць Паўлінковіча. У верасні 2016 года яго спрабавалі аштрафаваць за заклікі да ўдзелу у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве – мітынгу супраць фальсіфікацыі выбараў. Тады справу спынілі.