19 чэрвеня горад спачатку перажыў уздым грамадзянскага адзінства, а праз некалькі гадзін – забойную маральную дэградацыю міліцыі.

20 чэрвеня. Магілёў. Саша Райкан


Затрыманне і наступнае ўзбуджэнне крымінальнай справы ў дачыненні да прэтэндэнта ў кандыдаты ў прэзідэнты Віктара Бабарыкі, яго былых калег і сяброў, стала тым штуршком, які аб’яднаў беларусаў ад заходніх да ўсходніх межаў. Людзі ў дзясятку гарадоў па ўсёй краіне сталі стыхійна ладзіць акцыі падтрымкі і салідарнасці з палітычнымі вязнямі. Успомнілі ўсё – і трэш-крыміналку Сяргея Ціханоўскага і яго Youtube-каманды «Краіна для жыцця», і Віктара Бабарыку, і дзесяткі людзей, якіх цяперашняя ўлада закрыла па СІЗА ў якасці паказальнай лупцоўкі для «моцна разумных» і, асабліва, «моцна свабодных» грамадзян.

Першым горадам, дзе прайшла мірная акцыя салідарнасці, стаў Менск яшчэ 18 чэрвеня. На наступны дзень да яго падключыліся абласныя цэнтры і іншыя буйныя гарады краіны. У Магілёве стыхійны ланцуг салідарнасці вырашылі зрабіць, дамовіўшыся ў мясцовых телеграм-чатах. Ні лідэра, ні каардынатара ў акцыі не было – усё будавалася на самаарганізацыі і шалёнай самааддачы удзельнікаў.

У ЦЭНТРЫ ГОРАДА І УВАГІ

19 чэрвеня быў апошнім днём збору подпісаў за вылучэнне прэтэндэнтаў у кандыдаты ў прэзідэнты. Да 18 гадзін вечара каля ГЦ «Атрыум» застаўся толькі пікет за прэтэндэнта Святлану Ціханоўскую. Ён і стаў цэнтрам грамадзянскай увагі незадаволеных гараджан. Людзі выбудавалі ланцуг салідарнасьці ў вялікую чаргу да пікету. Праз паўгадзіны набралася каля паўсотні чалавек. Ужо праз гадзіну было амаль сто пяцьдзясят. Праз дзве гадзіны ланцуг салідарнасці расцягнуўся больш чым на паўкіламетры – ад «Атрыума» да кінатэатра “Чырвоная зорка”.

Некалькі сотняў людзей проста стаялі недалёка ад праезнай часткі галоўнай вуліцы горада Першамайскай. Яны не пляскалі, ня расцягвалі транспарантаў, не выступалі і ні да чаго не заклікалі. Яны выказвалі свой пратэст супраць ушчамлення грамадзянскіх і палітычных свабодаў толькі фактам свайго знаходжання ў цэнтры Магілёва.

У асноўным гэтыя людзі не прадстаўлялі традыцыйную апазыцыю. Была вялікая колькасць моладзі рознага полу, былі сем’і, былі людзі ўжо сталага веку.

Вялікая колькасць аўтамабіляў, якія праязджалі міма, падтрымлівалі “Ланцуг салідарнасці” гудзеннем клаксонаў. Што дзіўна, згоду з незадаволенымі магілёўцамі выказвалі вадзіцелі нятанных аўта, накшталт BMW X6 або Mercedes S-класа. Мабыць, тое, што адбываецца ў краіне надакучыла не толькі бедным, але і багатым.

УСМІХНІЦЕСЯ, ВАС ЗДЫМАЮЦЬ

Дамаўляцца пра ланцуг салідарнасці магілёўцы пачалі толькі днём 19 чэрвеня. Сілавыя органы зрэагавалі хутка. Ужо а 18-й гадзіне вечара недалёка ад пікету за Святлану Ціханоўскую арганізавалася група салідных мужчынаў у кашулях. Яны з відавочнай незадаволенасцю і нават трывогай паглядалі на разрастаючуюся чаргу, кожныя пяць хвілін адтэлефонвая невядомаму начальству.

У адным з іх лёгка было пазнаць Сяргея Волкава – намесніка начальніка міліцыі грамадскай бяспекі УУС Магілёўскага аблвыканкама. Праз пару гадзін менавіта пасля яго каманд побач з ланцугом салідарнасці раптам з’явіліся супрацоўнікі АМАП.

Яшчэ адзін чалавек у цывільным быў знаёмы ў асноўным журналістам і праваабаронцам. Маёр з Ленінскага РАУС Уладзімір Паўлаў фіксаваў тых, хто становіцца ў ланцуг салідарнасці, на відэакамеру. Раней гэты чалавек адзначыўся тым, што складаў адміністрацыйныя пратаколы на журналіста і праваабаронцу “Магілёўскай вясны” Аляксандра Буракова і рэдактара MSPRING.ONLINE Сашу Райкана.

АМАП ЗАЦІХАРЫЎСЯ ПА КУТАХ

Асноўныя міліцэйскія сілы былі падцягнутыя ў цэнтр горада незадоўга да пабудовы ланцуга салідарнасці.

Ціхары ў масках і на спартыўным стылі адзення стаялі крыху ззаду ад удзельнікаў чаргу.

Мікрааўтобус Ford з АМАПам ўнутры стаяў адразу за ГЦ «Атрыум». Адметна тое, што яго нумарны знак быў залеплены вельмі каравай налепкай, якая імітуе нумарны знак часовай рэгістрацыі транспартнага сродку.

Большасць супрацоўнікаў атрада міліцыі спецыяльнага прызначэння знаходзіліся побач з кінатэатрам «Радзіма». Значная частка сядзела ў вішнёвым аўтобусе “МАЗ”. Акрамя гэтага, сілавікі адправілі для «спецаперацыі» яшчэ два мікрааўтобусы фармату «міліцэйская маршрутка».

Усе чакалі паступлення загаду на вінцілава. Ён не прымусіў сябе доўга чакаць.

ГАЛОЎНАЯ ПЕСНЯ ПРА СТАРОЕ

Прыкладна ў 19 гадзін вечара ўздоўж чаргі пачалі курсіраваць трое супрацоўнікаў міліцыі. Уладзімір Паўлаў здымаў тых, хто стаяў у чарзе, а яшчэ двое служыцеляў правапарадку выступілі ў якасці перасоўнай платформы для гучнагаварыцеля.

З мацюгальніка паліліся адны і тыя ж загадзя запісаныя фразы. Нябачны дыктар папярэджваў людзей, што яны «удзельнічаюць у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве» і пагражаў ужываннем фізічнай сілы і спецсродкаў.

Якім чынам стаянне на цэнтральнай вуліцы горада з’яўляецца «несанкцыянаваным масавым мерапрыемствам», нябачны дыктар не тлумачыў. Людзі ж канцэрт аднаго заезджанага запісу ігнаравалі.

АТУ НЕХАРОШЫХ!

Каля 20 гадзін вечара намеснік начальніка міліцыі грамадскай бяспекі Волкаў хуткім крокам пайшоў у накірунку кінатэатра “Радзіма”. Яму насустрач высунуліся аўтобусікі. Спыняючы кожны з іх і залазячы ў кабіну, Волкаў хутка даваў інструкцыі, пасля чаго міліцэйскія рамізнікі хутка стартавалі на Першамайскую. З транспарту вывалілі супрацоўнікі АМАП, якія тут жа пачалі падыходзіць да ўдзельнікаў ланцуга салідарнасці і прапаноўвалі пакінуць вуліцу.

Некаторыя з сілавікоў пачалі пахаджваць уздоўж ланцуга, палохаючы гараджан сваім брутальным выглядам. Зрэшты, палохаліся неахвотна – ланцуг хоць і стаў крыху радзей, але застаўся на сваім месцы.

КАЛГАСНАЕ ВІНЦІЛАВА

Затрыманні пачаліся прыкладна праз паўгадзіны пасля з’яўлення АМАП. Пацярпелі журналісты – міліцыянты затрымалі карэспандэнта сайта 6tv Алеся Сабалеўскага, які вёў стрым, а таксама аўтарку TUT.by Анжаліку Васілеўскую.

Акрамя таго, быў затрыманы Аляксандр Спірыдонаў. Інфармацыі пра яго няшмат.

Усіх траіх даставілі ў Ленінскі РАУС. Васілеўскую і Сабалеўскага праз пару гадзін выпусцілі, склаўшы пратаколы апытанняў сведкаў, а вось Спірыдонаву пашанцавала менш – яго павезлі ў ізалятар часовага ўтрымання.

Як аказалася, гэта толькі пачатак.

Каля 11 гадзін вечара ланцуг салідарнасьці быў біты ланцугом калгасных рэпрэсій. Як у дрэнным арт-хаусным кіно, АМАП пачаў брутальна затрымліваць людзей на цэнтральнай вуліцы горада проста за тое, што яны …стаялі.

 

 

View this post on Instagram

 

А вот так закончилась “Цепь солидарности” в Могилеве 19 июня 2020 годп. Сотрудники ОМОН выборочно хватали людей, когда основная масса уже разошлась и ушли журналисты. Брали и женщин, и мужчин. Исходя из нашего опыта, сегодня их доставят в Изолятор временного содержания. Там они до понедельника будут ждать суда. В суде их будем ждать и мы, чтобы узнать окончательный список тех, кто попал под туповатый каток колхозных репрессий #бабарико #тихановский #политзаключенные #беларусь #цепьсолидарности #репрессии

A post shared by #MAYDAY (@mayday.team) on

Хапалі без разбору – паспрабавалі сцягнуць жанчыну з дзіцем і мужчыну, які наогул не ўдзельнічаў у ланцугу салідарнасьці, а проста побач шпацыраваў са сваёй сям’ёй. Колькі ў выніку аказалася затрыманых – на дадзены момант невядома.

Цяпер яны, верагодна, знаходзяцца ў ІЧУ. Калі ў дачыненні да затрыманых склалі адміністрацыйныя пратаколы, то ў панядзелак па пацярпелых пройдуць судовыя працэсы.

Судовыя працэсы за тое, што людзі проста пастаялі ў цэнтры свайго роднага горада.