Вядомы магілёўскі фатограф, актывіст па ахове Пячэрскага лесу, рабіў гэта яшчэ нават да выбараў 9 жніўня.

MSPRING.MEDIA, вывучыўшы базу даносаў КДБ, апублікаваную “Кіберпартызанамі“, высветлілі, што яшчэ да выбараў 9 жніўня 2020 года адзін з магілёўцаў актыўна звяртаўся ў КДБ са скаргамі. Пасля дня галасавання і агрэсіі з боку сілавікоў, мужчына накіраваў яшчэ некалькі даносаў на апазіцыйныя Лукашэнку рэсурсы.

Гаворка пра дастаткова вядомага ў Магілёве фатографа Міхаіла Капычку (на вялікім фота – у 2017 годзе). У даносах фігуруе нікнэйм, які выкарыстоўвае Капычка, а таксама пазначаны нумар тэлефона фатографа, які зараз з’яўляецца актуальным, зыходзячы з сэрвісаў па аказанні фотапаслуг.

Узбудзіць крымінальныя справы на СМІ

Першы данос здарыўся яшчэ 5 чэрвеня 2020 года – у ім адпраўнік папрасіў КДБ «стварыць спецыяльны інфармацыйны аддзел па барацьбе з дэзінфармацыяй, правакацыйнымі і негатыўнымі выказваннямі ў бок дзейнага прэзідэнта РБ, а таксама палітычнага ладу РБ», тлумачачы гэта «дзеяннямі, якія вядуцца ў сетцы інтэрнэт».

Напярэдадні выбараў, 8 жніўня, Міхаіл Капычко запатрабаваў ад чэкістаў заблакаваць сайт «ZUBR.in» за разгалошванне дадзеных сябраў участковых камісій. Ужо 10 жніўня – на наступны дзень пасля галасавання – Міхаіл Капычка запатрабаваў ад КДБ

«узбудзіць крымінальныя справы па факце паклёпу і закліку да дзяржаўнага перавароту ў Рэспубліцы Беларусь на падставе правакацыйнай і агітуючай да гвалту і беспарадкаў інфармацыі, размешчанай у сац. сетках і месэнджарах “Nexta”, “97%” і іншых апазіцыйных рэсурсах».

Больш за тое, ён запатрабаваў ад чэкістаў, каб яны падключылі Інтэрпол.

Яшчэ праз некалькі дзён, 13 жніўня, мужчына папрасіў спецслужбу “ўвесці ў адукацыйны працэс курс лекцый па “Канцэпцыі Грамадскай Бяспекі” для ўсяго кіраўнічага складу РБ, дзяржаўных міністэрстваў і ведамстваў, распрацаваны вышэйшым ваенным складам СССР“. Варта адзначыць, што так званая “Канцэпцыя Грамадскай Бяспекі” – паўакультная тэорыя расійскага ваеннага Канстанціна Пятрова, выкладзеная ў курсе відэа-лекцый. На ўступную лекцыю Пятрова Міхаіл Капычка прымацаваў спасылку ў сваім паведамленні для КДБ. Тады ж, 13 жніўня, фатограф апублікаваў відэа ў сябе на старонцы Укантакце.

Апошні вядомы данос мужчыны датуецца 21 верасня. У ім ён просіць прыцягнуць да адказнасці адміністратара групы «УКантакце» «Рудабельская паказуха» – верагодна, гаворка пра вядомага беларускага блогера Андрэя Павука. Яго Міхаіл Капычко абвінаваціў у

«размяшчэнні ў публічным доступе асабістай інфармацыі супрацоўнікаў унутраных справаў РБ з мэтай прызыву да цкаваньня дадзеных супрацоўнікаў».

Захоўваючы лесапарк

Апроч фатаграфіі, Міхаіл Капычка вядомы як магілёўскі экаактывіст. Прыкладна ў 2017 годзе ён разам з іншымі магілёўцамі стварыў ініцыятыву “Захаваем Пячэрскі лесапарк“, якая займаецца прыцягненнем увагі да праблем гэтага месца. У гэтай ініцыятыве, калі верыць інтэрв’ю Капычкі ад 2020 года, ён займаўся ў асноўным перапіскай з дзяржворганамі, вядзеннем пабліка Укантакце, а таксама фатаграфіяй.