Дэпутаты, чыноўнікі, члены грамадскага савета і міністр МУС пабывалі ў магілёўскай турме №4.
26 кастрычніка. Магілёў. Турма №4. Ігар Лазоўскі. Здымкі – mogilev-region.gov.by
Члены рэспубліканскага грамадскага савета, куды ўваходзяць спартоўцы, кіраўнікі ўстаноў культуры і СМІ, высока ацанілі якасць умоваў утрымання сядзельцаў.
Старшыня савета, кіраўнік «Белтэлерадыёкампаніі» Генадзь Давыдзька ў інтэрв’ю каналу «Беларусь-4» заявіў, што «убачыў добрыя ўмовы – і па харчаванню, і па чысціні, і па медыцынскім абслугоўванні».
З ім пагадзілася спявачка Ірына Дарафеева, якая таксама ўваходзіць у савет:
– Умовы ўтрымання годныя. Хочацца верыць, што пабываўшы аднойчы тут, зняволеныя атрымліваюць той глабальны ўрок у сваім жыцці, каб ніколі больш не паўтараць памылак.
У сюжэце канала адзначаецца, што ў кожнай камеры ёсць койкі, тумбачкі, стол і тэлевізар са стандартным пакетам каналаў. Сядзіць у памяшканні па 5-10 чалавек. За некаторымі ўстаноўлена відэаназіранне. Усяго ў турме ўтрымліваецца амаль 1000 чалавек.
Праваабаронца Уладзімір Краўчанка лічыць складаным ацаніць аб’ектыўнасць такога назірання. У Беларусі, лічыць ён, складана ацэньваць ўмовы ўтрымання ў месцах несвабоды. У Магілёўскай вобласці дзейнічае свая грамадска-назіральная камісія, але новым людзям туды патрапіць складана:
– У гэтым годзе я ўжо спрабаваў ўключыць у камісію двух новых людзей, аднак абодва разы мне адмаўлялі. Адзін раз з-за ўзросту, адзін – з-за арганізацыі, ад якой вылучаўся чалавек. Гэта абавязковая ўмова – вылучацца ад грамадскай арганізацыі, якая не мае сваіх прадстаўнікоў у гэтай камісіі.
Пры гэтым з амаль дзясятка чалавек, якія туды ўваходзяць, у рэальнасці займаюцца актыўнай дзейнасцю дзесьці трое. Астатніх – у асноўным членаў праўладных грамадскіх арганізацый – не бачна.
Пасля экскурсіі па турме адбылося пасяджэнне з удзелам міністра ўнутраных спраў Ігарам Шуневічам. Ён заявіў, што ў Беларусі створана сучасная заканадаўчая база па выкананні пакаранняў, якая ўлічвае міжнародныя прававыя стандарты. Зняволеныя ўтрымліваюцца ў добрых умовах. Але гэта патрабуе значных сродкаў з бюджэту:
– Абавязковае прыцягненне да працоўнай дзейнасці зняволеных, якія адбываюць пакаранне ў месцах пазбаўлення волі, – пытанне спрэчнае. Нас часта за гэта крытыкуюць, аднак тут ёсць такія бясспрэчныя моманты, як перавыхаванне, нівеліраванне шкодных наступстваў ад злачынства, пакрыццё шкоды, аплата аліментаў і гэтак далей, – прыводзіць словы міністра афіцыйны сайт аблвыканкама.
Уладзімір Краўчанка на гэтую цытату прыводзіць прыклад з магілёўскім ЛПП №7.
– Там усіх абавязваюць працаваць, але пры гэтым заробкі проста мізэрныя. Частка з іх сыходзіць на ахову. Часта чалавек, які адбыў там сваё, вяртаецца на волю з даўгамі перад дзяржавай.