Яно адбудзецца 22 студзеня ў 15.00.
Першапачаткова працэс над Юрыем Гарбаценкай, Аляксандрам Хамратавым і Зміцерам Здобнікавым павінен быў адбыцца ў судзе Магілёўскага раёна. Аднак потым высветлілася, што разбіральніцтва пройдзе ў Ленінскім раённым судзе. Той час, калі хлопцаў перавозілі ад адной установы да другой, іх родныя і адвакат не маглі даведацца, што з імі і дзе яны знаходзяцца. З-за гэтага было вырашана пісаць скаргу ў пракуратуру, але ж затрыманыя ўсё ж знайшліся
У 15.00 пачаўся суд пад старшынствам суддзі Ігара Шведава, які цягнуўся некалькі гадзін.
Падчас яго Хамратаў, Гарбаценка і Здобнікаў заявілі, што пратаколы адміністрацыйнага правапарушэння складзены без іх і ім нават не прапаноўвалі іх скласці разам. Яны, нібыта, адмовіліся ад дачы паказанняў.
– Дзіўна – калі на кожнага складалі пратакол затрымання, паказанні ўсе ўтрох далі. А тут быццам бы не сталі. З чаго раптам? – каментуе сітуацыю праваабаронца Барыс Бухель, які на працягу двух дзён пільна сочыць за развіццем сітуацыі і аказвае патрэбную юрыдычную дапамогу.
– У гэтай справе вельмі шмат недарэчнасцяў. Калі пачалі выступаць затрыманыя, высветліліся цікавыя рэчы. Аказваецца, першым у кабінет суддзі зазірнуў Здобнікаў. Яго Леўчанка прагнаў. Потым зазірнуў Юрый Гарбаценка, што ізноў выклікала негатыўную рэакцыю суддзт. Пасля гэтага хлопцаў затрымалі. Звяртаю ўвагу – Аляксандр Хамратаў у кабінеце не з’яўляўся, то бок яго не павінны былі затрымліваць, – кажа Барыс Бухель.
Праваабаронца лічыць, што справа павінна рассыпацца, бо з дакладной, якую падаў суддзя Станіслаў Леўчанка бачна, што ніякага правапарушэння не адбывалася.
– Ён у дакладной зазначыў, што яму перашкаджалі ў ягоным кабінеце, спрабавалі ўвайсці ў ва пазапрацэсуальныя зносіны, чым выказалі сваю непавагу да суду. Але ж ён быў у сваім кабінеце! То бок, ніякага судовага працэсу не адбывалася. Важны момант – непавагу да суду можна выказаць толькі падчас пасяджэння. А вось артыкула “Непавага да суддзі” у КаАП і ПІКаАП няма. Так што не было самога факту правапарушэння. Такім чынам, сваёй дакладной Леўчанка прадэманстраваў некампетэнтнасць у гэтым пытанні. Ён не бачыць розніцы паміж суддзёй і судом, – заявіў Барыс Бухель.
Праваабаронца адзначыў, што вельмі важна было заявіць падчас пасяджэння аб магчымых асабістых адносінах Станілава Леўчанкі да хлопцаў.
– Юрыя Гарбаценку ён неяк адправіў на 7 сутак, але ж праз скаргі хлопец дамогся таго, што яго прызналі невінаватым. Хамратаў таксама пісаў на яго скаргі. Гарбаценка пра гэта ўсе сказаў.
Пасля суду хлопцаў вызвалілі. 22 студзеня ў 15 гадзін адбудзецца яшчэ адно пасяджэнне, на якім павінен выступіць сам Станіслаў Леўчанка, аб чым хадайнічалі кожны з трох абвінавачаных.Суддзя Ігар Шведаў хадайніцтвы задаволіў.