З “Магілёўхімвалакно” будуць звольненыя сотні людзей, але кіраўніцтва завода не афішуе гэта, паведамляе наша крыніца.
28 жніўня. Магілёў. Алесь Святліцкі. Фота – “Веснік Магілёва”
ААТ “Магілёўскі завод хімічнага валакна” застаецца адным з найбуйнейшых у вобласці па колькасці рабочых. Але гэта ненадоўга. Як распавёў нам наш суразмоўца, да канца гэтага года будзе звольнена некалькі сотняў чалавек.
– Да канца года плануецца скараціць да 10% ад агульнай колькасці працуючых,- распавёў нам член грамадскай арганізацыі “Гавары праўду” Сяргей Лапуцін.
Інфармацыю яму перадалі працаўнікі прадпрыемства. Скарачэнне закранула не толькі рабочых, але і некаторых начальнікаў – яны пераходзяць у працоўныя, а рабочых звальняюць. Таксама прыбяруць тых, хто выпрацаваў пенсію.
– Гэта ўсё адбываецца па плану аптымізацыі. Гендырэктар Пётр Руднік,былы старшыня аблвыканкама, вырашыў пайсці шляхам найменьшага супраціву і скараціць персанал, каб падвысіць зарплату астатнім работнікам да даведзеных паказчыкаў. Плюс хутка плануецца запуск новага абсталявання, якое не патрабуе столькі працаўнікоў,- распавёў Лапуцін.
Усяго называецца лічба ў 700 звольненых. Зрэшты, як паведаміла нам працаўніца “Магілёўхімвалакно”, якая трапляе пад скарачэнне, да канца года з прадпрыемства прыбяруць 460 чалавек.
Лапуцін звярнуў увагу на тое, што прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка падчас наведвання завода ў 2016 годзе абяцаў, што ніякіх скарачэнняў на “Магілёўхімвалакно” не будзе:
– Ён тады заяўляў, што ніводны чалавек не павінен быць выкінуты на вуліцу. Спадар Пётр Руднік, калі быў кіраўніком вобласці, таксама ўвесь час рапартаваў аб стварэнні новых працоўных месцаў і скарачэнні беспрацоўя. Аднак, калі стаў дырэктарам завода, то вырашыў скарачаць працоўныя месцы, павялічваючы колькасць беспрацоўных у горадзе. Яго, вядома, можна зразумець – яму трэба выконваць прагнозныя паказчыкі, яму хочацца сядзець у крэсле, а то і на павышэнне пайсці.
Лапуцін лічыць, што трохмесяцовае выхадная дапамога, якую выплочваюць скарочаным работнікам, – усяго толькі падачка. Фактычна людзям з завода будзе складана знайсці працу.
З ім згодны лідэр “Гавары праўду” Андрэй Дзмітрыеў:
– Скарачэнні на буйных прадпрыемствах непазбежныя. Патрэбна праграма адаптацыі для тых, хто губляе працу. У яе павінен уваходзіць заробак, бясплатнае перанавучанне. Калі чалавек гатовы адкрыць сваю справу, то, акрамя навучання, льготны крэдыт для старту. А сёння, у лепшым выпадку, далі 3-х месячны голы аклад і на вуліцу. Прыйшоў час словы пра сацыяльнай дзяржаве напаўняць зместам.