Кіраўніца «АБФ Магілёў» распавяла, як яе прасілі «здаваць» сваіх калег і сяброў. Не абыйшлося без пагроз.
1 ліпеня. Магілёў. Алесь Святліцкі
Каардынатарка магілёўскага філіяла арганізацыі «Актыўным Быць Файна» Насця Марозава ў сваіх сацсетках распавяла, як у лютым 2020 г. яе паспрабаваў завербаваць супрацоўнік Камітэта дзяржаўнай бяспекі Дзмітрый Пасрэднікаў. Яго сапраўднае імя вядома Насты, паколькі ён – яе былы аднагрупнік.
У канцы студзеня ён патэлефанаваў Марозавай і прапанаваў сустрэцца. Грамадская актывістка на той момант працавала ў аўтасалоне і падумала, што яе былому таварышу неабходна кансультацыя па працоўным пытанні.
Амаль адразу пачаліся дзівацтвы. Замест таго, каб сустрэцца з Настай у горадзе ці прыйсці да яе ў офіс, экс-аднагрупнік паведаміў, што чакае яе ў сваім аўто, срэбнай «Skoda». Там ён прадэманстраваў пасведчанне супрацоўніка КДБ.
«Калі ты з ім сустракаешся і наіўна думаеш, што гэта сустрэча аб крэдыце на куплю новай тачкі ці зніжцы на рамонт, то табе тыкаюць ў твар чырвоную скарыначку пасведчання супрацоўніка КДБ і пачынаюць распавядаць як крута мець пісталет і права карыстацца ім пры пагрозе жыцця супрацоўніку і што яму за гэта нічога не будзе, распавядаюць дзе працуюць твае сваякі, называюць месца тваіх падарожжаў і навучанняў», – распавяла Марозава ў сваіх сацсетках.
Нягледзячы на тое, што каардынатарка «АБФ Магілёў» публічна распавяла пра гэты выпадак толькі цяпер, яна адразу пасля сустрэчы з КДБ-шнікам паведаміла пра спробу вярбоўкі сваім калегам у «АБФ» і праваабаронцы «Магілёўскай вясны» Сашы Райкону.
У першую чаргу, Дзмітрыя Пасрэднікава цікавілі партнёры «АБФ», а таксама паездкі Анастасіі. Формула вярбоўкі была простая: спачатку Пасрэднікаў «па старой дружбе» спрабаваў уцерціся ў давер, распавядаючы, што ён трапіў у КДБ пасля службы ў войску, распавядаў пра сям’ю, а калі Марозава не паддаваліся – перайшоў да няўлоўных пагрозаў. Прычым тычыліся яны ў першую чаргу родных і блізкіх Анастасіі.
Ён прапаноўваў каардынатарке “АБФ” падпісаць згоду на вярбоўку і нават прыдумаў ёй пазыўны «Лазэр». Акрамя таго, ён прапаноўваў ёй нават заробак, праўда, не ўдакладняючы сумы.
Марозава апублікавала старонку Пасрэднікава ў «Укантакце», аднак інфармацыя адтуль была аператыўна выдаленая.
Яшчэ адна крыніца MSPRING.ONLINE паведаміла, што Дзмітрый Пасрэднікаў мільгаў у розных грамадскіх ініцыятывах Магілёва аж з 2011 года. Быў не вельмi прыкметным і спакойным.
Насця Марозава – не адзіная мэта вярбоўкі КДБ. Раней спецслужбы спрабавалі завербаваць валанцёрку ЛГБТК-ініцыятывы “Новыя рэгіёны” Дар’ю.
Акрамя таго, «Магілёўская вясна» і MSPRING.ONLINE ведаюць пра яшчэ некалькі выпадкаў спробаў вярбоўкі КДБ сябраў розных грамадскіх магілёўскіх арганізацый. Верагодна, актывізацыя спецслужбы звязана з выбарамі прэзідэнта 2020 года.
Ад рэдакцыі: На месцы Анастасіі Марозавай, смелай і моцнай жанчыны, можа апынуцца любы беларус\беларуска, якой прапануюць “здаваць” сяброў, калег і знаёмых. Прызнацца ў тым, што цябе спрабавалі вербаваць – складана.
Насця, ты – вялікая малайчына і мы ганарымся, што ў горадзе ёсць такі чалавек, як ты, і такая арганізацыя, як «АБФ Магілёў». Усё будзе добра.
Калі хтосьці яшчэ сутыкнуўся са спробай вярбоўкі КДБ для мэтаў, якая супярэчаць прынцыпам правоў чалавека, «Магілёўская вясна» і часопіс MSPRING.ONLINE гатовыя аказаць любую пасільную дапамогу. Пішыце, калі ласка, на mspring.online@gmail.com.