Падводзім дзівацкія вынікі 2015-га.
Бюст Аляксандру Пушкіну
І нават не сам бюст, а верш класіка «Паклёпнікам Расеі», які памясцілі на пастамент. Кіраўнікі праекта «Алея расійскай славы» не знайшлі нічога лепш, чым выкарыстаць адзін з самых шавіністычных твораў Пушкіна падчас канфлікту Расіі і Украіны з удзелам Беларусі ў якасці міратворца. Ужо на наступны дзень пасля афіцыйнага адкрыцця бюста па Байнэце разляцеліся фатаграфіі з выявай верша, а цягам тыдня гарадскія ўлады барэльеф замазалі. Усё гэта выклікала шумную рэакцыю з боку прарасейскіх арганізацый, што ў чарговы раз даказала неадэкватнасць іх кіраўнікоў. Здаецца, розніцу паміж словамі «Беларусь» і «Расія» адчуць можна, ці не так?
«Вячэрні Магілёў»
Атрымаўшы пэўную папулярнасць пасля гісторыі з суддзёй і транссэксуалам, рэдакцыя «Вячэркі» досыць хутка зразумела, наколькі выгадна быць апошнім фарпостам маральнасці ў Магілёўскай вобласці (на іх уласную думку). У выніку цэлы год мы маглі чытаць шэдэўры пра тое, што плакаты аб прафілактыцы СНІДу разбэшчваюць дзяцей, што вобраз чорта ў спектаклі драмтэатра можа зрабіць гледачоў жорсткім, што навагодняя ілюмінацыя ў Магілёве – гэта даніна сатане, а таксама што гомасэксуалісты – гэта ракавая пухліна грамадства.
Начное адкрыццё помніка КДБ
Адкрыццё помніка людзям, да якіх у грамадстве ставяцца неадназначна, ітак выклікае палеміку. Але адкрыццё яго за тыдзень да афіцыйна прызначанай даты, ноччу, з перакрыццем вуліцы і ўдзелам гарадскіх уладаў – гэта нешта, што выходзіць за рамкі нармальнага. Калі б не відэаблогер Яўген Глушкоў, які стаў сведкам працэсу, мы б нават не даведаліся, як цікава часам бывае апоўначы ў цэнтры горада.
Выбары
Мы абыдземся без каментароў. Лепш назіральніка Насты Тарасенкі мы ўсё роўна не раскажам – чытайце тут.
Цярэшчанка і ксеракс
Асобны момант выбараў-2015 – здача подпісаў, сабраных за вылучэнне кандыдата ў прэзідэнты Віктара Цярэшчанкі. Раптам аказалася, што велізарная колькасць падпісных лістоў банальна размножылі пры дапамозе ксеракса. Хто вінаваты ў гэтым і ці панёс хтосьці адказнасць, мы не ведаем да гэтага часу – ні сам кандыдат, ні яго каманда выразнага афіцыйнага каментара так і не далі.
Вызваленне Яўгена Дуплеўскага
Былому начальніку аддзела адукацыі гарвыканкама свяціла 7 гадоў з канфіскацыяй маёмасці за тое, што каля трох гадоў ён атрымліваў грошы за факультатывы, якія не вёў. Здавалася б, тыповая гісторыя – ёсць чыноўнік, ёсць факт карупцыі, ёсць суд і … тут усё скончылася. БелаПАН перадаў, што, аказваецца, Дуплеўскі вось ужо паўгода як на волі, таму што кампенсаваў шкоду «ці то ў двухразовы, ці то трохразовым памеры».
Ігар Барысаў і камунальнікі
Галоўнаму рэдактару незалежнага сайта «Наш Магілёў» Ігару Барысаву летам хацелі даць штраф за атрыманне фінансавай дапамогі з-за мяжы, а таксама парушэнне заканадаўства аб СМІ. Атрымалася дрэнна – супрацоўнікі Ленінскага РАУС, якія вялі яго справу, не змаглі вырашыць усё ў тэрмін: скончыліся два месяцы, на працягу якіх можна прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці. Але гісторыя не скончылася.
Замест міліцыі Барысавым і яго маёмасцю зацікавілася падатковая і, чамусьці, камунальныя службы. Пачынаючы з лета, журналіста і яго сям’ю тэрарызуюць супрацоўнікі ТДА «Камунальнік», якія спрабуюць патрапіць у кватэру рэдактара «Нашага Магілёва». Каб вы разумелі, з такім жа поспехам да вас у кватэру можа біцца дворнік. Пакуль сям’я Ігара Барысава трымае абарону і звяртаецца са скаргамі ва ўсе органы запар. У рэшце рэшт, калі старшы майстар «Камунальніка» спрабуе трапіць да вас па прадпісанню, падпісаным ім самім, нешта ідзе не так.
Ленін і кветкі
Раніцай 7 лістапада, у гонар Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі, да падножжа помніка Леніну камуністы і прадстаўнікі «Белай Русі» усклалі кветкі. 8 лістапада ад кветак не засталося і следу – камунальнікі зачысцілі Ільіча ад флоры. Навошта тады наогул ладзіць мітынг і марнаваць кветкі?
Сайт адміністрацыі Кастрычніцкага раёна
Больш за паўгады сайт адміністрацыі быў пазначаны пошукавымі сістэмамі, як рэсурс, які можа нанесці шкоду кампутару карыстальніка. Некаторыя браўзэры наогул блакавалі сайт, што рабіла доступ немагчымым. На хвілінку, гэта афіцыйны партал установы, якая адказвае за жыццё раёна, у якім жыве больш за 150 тысяч жыхароў.