Апошнія паўгады палітычная зняволеная Аляксандра Каско сутыкнулася з сур’ёзнымі праблемамі са здароўем у папраўчай калоніі №4.

Паводле дадзеных MSPRING.MEDIA, у дзяўчыны выявілі кісту яечніка. Спачатку адміністрацыя калоніі не рэагавала на сітуацыю, аднак становішча Каско рэзка пагоршылася, калі кіста разарвалася і палітзняволенай тэрмінова спатрэбілася аперацыя.

Вядома, што з калоніі Аляксандру перавялі ў бальніцу, дзе ёй зрабілі аперацыю. На гэты момант дзяўчына зноў адбывае свой тэрмін у ІК-4.

Нагадаем, жыхарка Ваўкавыска, медык Аляксандра Каско была затрыманая 9 лютага 2023 года пасля прыезду ў Беларусь. Спачатку яе падверглі адміністрацыйнаму арышту, пасля чаго завялі крымінальную справу. Абвінавачанне ўключала 8 артыкулаў Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь:

арт. 369 — абраза прадстаўніка ўлады;
арт. 391 — абраза суддзі або народнага засядацеля;
ч. 1, 2 арт. 368 — абраза Лукашэнкі;
ч. 1, 2 арт. 361-1 — стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім;
ч. 1, 2 арт. 361-4 — садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці;
ч. 2 арт. 367 — паклёп у дачыненні да Лукашэнкі;
ч. 3 арт. 203-2 — незаконныя дзеянні ў дачыненні да інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных даных;
ч. 3 арт. 130 — распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці ці варажнечы.

19 снежня 2023 года суддзя Гродзенскага абласнога суда Дзмітрый Бубенчык прысудзіў дзяўчыне 10 гадоў пазбаўлення волі.

Напрыканцы траўня 2024 года стала вядома, што ў Аляксандры прызначаны новы суд у Гродне паводле арт. 369 КК РБ (абраза прадстаўніка ўлады) і арт. 391 КК РБ (абраза суддзі). Справу разглядала суддзя Наталля Горбач. Прысуд невядомы, Аляксандра яго не абскарджвала.

Яшчэ адну крымінальную справу ў дачыненні да Аляксандры Каско сілавікі завялі вясной 2025 года. Прысуд невядомы.