Міхаіла Каралёва затрымалі 6 чэрвеня і закавалі ў кайданкі. У міліцыі паведамілі, што ён знаходзіцца ў Следчым камітэце, аднак там інфармацыю абверглі.

6 чэрвеня. Магілёў. Алесь Святліцкі


Слаўгарадская актывістка Анжаліка Калатазішвілі ўвечары 6 чэрвеня паведаміла, што ў райцэнтры затрыманы адміністратар групы ў Вайбере «Дзе стаіць ДАІ» Міхаіл Каралёў.

Яна апублікавала яго фатаграфію, па якой відаць, што мужчыну закавалі ў кайданкі і некуды вязуць. Мяркуючы па гразевыя плямам на каленях, сілавікі схапілі Каралёва дастаткова брутальным спосабам.

Праваабаронца «Магілёўскай вясны» Аляксандр Буракоў паспрабаваў высветліць, у чым справа.

Паводле яго слоў, у АУС Слаўгарадскага раёна яму сказалі, што справай Каралёва займаецца мясцовы аддзел Следчага камітэта.

У Следчым камітэце Буракову паведамілі, што Каралёва даставілі ў СК «за тое, што ён аказваў супраціў пры арышце». На момант званка яго, калі верыць дзяжурнаму сьледчаму, ужо адвезлі ў Слаўгарадскі РАУС, адкуль павінны былі даставіць у ізалятар часовага ўтрымання Чэрыкава.

Таксама вядома, што на допыт у Следчы камітэт выклікалі жонку Каралёва. Паводле словаў прадстаўнікоў СК, пытанні ёсць у першую чаргу менавіта да жонкі Міхаіла. Нібыта, ніякай палітычнай падаплёкі ў справе няма, а адбываецца праверка па нейкай бытавой справе.

Зрэшты, тады незразумела, чаму затрымалі менавіта Міхаіла.

Увага міліцыі да сям’і Каралёвых з’явілася пасля таго, як мужчына пачаў публікаваць пасты падтрымкі блогера, палітвязня Сяргея Ціханоўскага ў групе ў Вайбере. Там абмяркоўвалася магчымасць пачатку вулічных збораў незадаволеных гараджан з мэтай «паесці семак» (аналаг акцый «кармленне галубоў», якія праходзяць у Брэсце і Светлагорску).

Як распавялі сябры Каралёва, калі пачалі з’яўляцца пасты такога роду, супрацоўнікі міліцыі папярэдзілі мужчыну, каб той спыніў падобную дзейнасць. Аднак Каралёў не паслухаў і ў выніку быў схоплены праваахоўнымі органамі. Раней мужчына не быў заўважаны ў грамадскім або палітычным актывізме.

Пакуль незразумела, што ставяць у віну Міхаілу. Праваабаронцы «Магілёўскай вясны» сочаць за сітуацыяй.

АБНАЎЛЕННЕ

Праваабаронцы “Магілёўскай вясны” высветлілі, што Міхаіла Каралёва выпусцілі са Слаўгарадскага РАУС каля 2:30 ночы. На яго склалі пратакол за дробнае хуліганства і аштрафавалі на 4 базавыя велічыні.

У такім выпадку, незразумела, навошта мужчыну вазілі ў Следчы камітэт. Звязацца з ім на дадзены момант не атрымліваецца.