Валянцін Казакевіч разам з адвакатам звярнуліся ў цэнтральны апарат Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь.

15 красавіка. Магілёў. Алесь Святліцкі. Фота – sputnik.by


Бацька так званага «забойцы з бензапілой» Валянцін Казакевіч разам з адвакатам Уладзімірам Сташкевічам папрасілі Следчы камітэт узбудзіць крымінальную справу ў дачыненні людзей, якія не дапусцілі іх на судовыя працэсы па дысцыплінарных спагнаннях Уладзіслава Казакевіча.

У 2016 годзе непаўналетні Уладзіслаў Казакевіч напаў з бензапілой і сякерай на наведнікаў гандлёвага цэнтра «Новая Еўропа» у Мінску. Ён паспеў забіць адну жанчыну і параніць яшчэ дваіх чалавек.

Падчас следства і суда сям’я і незалежныя эксперты-псіхіятры сцвярджалі, што 19-гадовы хлопец псіхічна хворы і замест адбыцця пакарання ў калоніі яго трэба адправіць на лячэнне ў псіхіятрычную лякарню. Зрэшты, суд вырашыў інакш – спачатку яму прысудзілі да 15 гадоў зняволення.

Ужо ў калоніі Уладзіслаў Казакевіч напаў на кантралёраў. Пасля гэтага тэрмін павялічылі да 22 гадоў зняволення. Яго самога перавялі ў магілёўскую турму №4. Там, як сцвярджаюць бацькі хлопца, ён рэгулярна сутыкаўся з пастаяннымі прыдзіркамі, у выніку чаго атрымліваў дысцыплінарныя спагнанні, як лічаць бацькі, па надуманых і, магчыма, адмыслова зладжаным прычынам.

Восенню 2018 года Уладзіслава Казакевіча з Магілёва этапавалі ў турму №8 г. Жодзіна. Там ён падаў скаргу ў мясцовы суд на спагнанні за нібыта здзейсненыя парушэнні распарадку дня ў апошнія дні знаходжання ў магілёўскай турме №4. Яго прадстаўнікамі выступілі адвакат Уладзімір Сташкевіч і яго бацька Валянцін Казакевіч.

Падчас пасяджэння адвакат заявіў пра неабходнасць допыту сведкаў, якія ўтрымліваліся ў адной камеры з Уладзіславам. Але паўстала праблема – частка з іх на той момант адбывала пакаранне ў магілёўскай турме №4, адзін выйшаў на волю, яшчэ адзін быў пераведзены ў горацкую калонію №9.

Вызначэннем суда г.Жодзіна было даручана апытаць сведкаў у пазначаных папраўчых установах пры адвакаце Уладзіміры Сташкевіче і бацьке УладзіславаВалянціне Казакевіче. Працэсуальныя дзеянні прызначылі на 13 снежня.

У пазначаны судом у позве час адвакат Уладзімір Сташкевіч і Валянцін Казакевіч прыбылі ў будынак магілёўскай турмы №4, дзе сустрэлі суддзю Яўгена Манышава і сакратара судовага пасяджэння, а таксама супрацоўніка папраўчай установы Г. Вольскага. Аднак на судовае пасяджэнне ў турму прадстаўнікоў Уладзіслава Казакевіча не пусцілі і правялі яго без іх. Суддзя Манышаў хоць і бачыў, што супрацоўнікі турмы не выконваюць вызначэнне суда па допуску Сташкевіча і Казакевіча, але ніякіх мер не прыняў.

Тое ж самае здарылася і ў калоніі №9 у Горках. Нягледзячы на тое, што бацька і адвакат Уладзіслава павінны былі прысутнічаць пры апытанні сведкі па яго справе, супрацоўнікі калоніі іх не прапусцілі.

Пазней начальнік папраўчай установы Петраковіч растлумачыў Сташкевічу і Казакевічу, што яны не былі дапушчаны на судовае пасяджэнне, «бо ад асуджанага сведкі не паступіла заявы на спатканне», хоць, відавочна, гэта спатканнем не з’яўляецца.

Прадстаўнікі Уладзіслава Казакевіча лічаць, што супрацоўнікі турмы і калонии нядопускам на судовыя паседжанні парушылі 115 артыкул Канстытуцыі:

«Вызначэнне жодзінскага суда з’яўляецца судовай пастановай. У адпаведнасці з арт. 115 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь судовыя пастановы з’яўляюцца абавязковымі для ўсіх грамадзянаў і службовых асоб. Значыць кожны грамадзянін і службовая асоба абавязаныя падначальвацца судовым пастановам, абавязаны іх выконваць. Выключэнняў няма, усе грамадзяне і ўсе службовыя асобы, у тым ліку начальнікі папраўчых інстытуцый і суддзі», – лічыць Валянцін Казакевіч.

Ён разам з адвакатам прасілі Упраўленне Следчага камітэта Магілёўскай вобласці ўзбудзіць крымінальную справу ў дачыненні да вінаватых асобаў, аднак мясцовыя следчыя адмовілі ім.

Зараз Валянцін Казакевіч з дапамогай адваката накіраваў скаргу ў цэнтральны апарат Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь.