З рэдакцыяй mspring.online звязаўся прадпрымальнік, які паведаміў пра «прымус» з боку дзяржаўнага грамадскага аб’яднання «Знание».
14 лістапада. Магілёў. Ігар Лазоўскі
На ўмовах ананімнасці бізнэсмэн распавёў, што мясцовых індывідуальных прадпрымальнікаў заганяюць на семінары, прысвечаным падатковым выплатам:
– У вобласці ёсць арганізацыя Беларускае таварыства «Знание». Яно займаецца ліквідацыяй непісьменнасці ў галіне падатковага і іншага заканадаўства. Дык вось ІП і іншых камерсантаў яна ўжо дастала. За адзін занятак у кастрычніку і лістападзе просяць каля пяцідзесяці рублёў ад слухача. Я б сказаў, што наспявае скандал, – сказаў бізнесмен.
Ён распавёў, што 14 лістапада іх зноў «заганяюць сілай на лекцыю» [размова адбылася 13 лістапада, – заўв.аўт].
Згодна з праграмай, 14 лістапада адбыўся інфармацыйна-практычны семінар па тэме «Пытанні вылічэння ўскосных падаткаў і падатку на даходы пры ажыццяўленні суб’ектамі гаспадарання знешнеэканамічнай дзейнасці». Занятак праводзілі спецыялісты з падатковай інспекцыі.
Па тэлефоне ў таварыстве «Знание» пытанне пра «прымус» ўспрынялі са здзіўленнем. Як паведаміў праваабаронца Аляксандр Буракоў, які звязаўся па кантактным нумары, пазначаннаму ў праграме, там яму сказалі, што наведванне лекцый-семінараў ГА «Знание» з’яўляецца добраахвотным.
– Мы чакаем на семінары толькі тых, каму цікавая дадзеная тэма, – паведамілі ў «Знании».
Беларускае таварыства «Знание» – дзяржаўнае грамадскае аб’яднанне, якое сваёй мэтай ставіць «распаўсюджванне навуковых ведаў, узмацненне іх уплыву на развіццё інавацыйнага мыслення і сацыяльнай актыўнасці грамадзян, зацвярджэнне здаровага ладу жыцця, забеспячэнне стабільнасці і грамадзянскай згоды ў Рэспубліцы Беларусь».